БАТЭ стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе 11-ты раз (відэа)
9 лістапада барысаўчане разграмілі на сваім полі наваполацкі “Нафтан” з лікам 4:0. Гэтая перамога прынесла ім датэрміновае чэмпіёнства.
Вынік матчу быў фактычна перадвырашаны ўжо ў першым тайме: каманда Аляксандра Ермаковіча сыходзіла на перапынак, ведучы ў ліку — 3:0. У другім тайме Віталь Радзівонаў забіў яшчэ адзін гол у браму гасцей і лік стаў разгромным — 4:0.
За два туры да завяршэння першынства БАТЭ мае 67 ачкоў. Яго галоўны канкурэнт мінскае “Дынама” сёння ў гасцях пацярпела паразу ад “Тарпеда-БелАЗ” (2:1) і такім чынам страціла надзею на залатыя медалі. У мінчан па выніках 30-га тура 60 ачкоў і нават у выпадку дзвюх перамог у апошніх турах яны не абгоняць БАТЭ. Тым не менш мінскае “Дынама” мае гарантаванае “серабро”, бо адарвалася ад салігорскага “Шахцёра” ажно на 12 ачкоў.
Барацьба за трэцяе месца разгорнецца паміж гарнякамі і “Тарпеда-БелАЗ” — у іх разрыў усяго ў два ачкі (48 і 46 адпаведна). Наваполацкі “Нафтан”, які цяпер мае 42 ачкі, наўрад ці зможа дацягнуцца да “бронзы”, але мае шансы на 4-е месца.
Замыкае першую шасцёрку ў турнірнай табліцы “Гомель” — у яго 35 ачкоў.