Беларусбанк прыпыніў выдачу крэдытаў на жыллё пад 14% і 16%

Рашэнне звязанае са значным павелічэннем кошту прыцягнутых рэсурсаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу банка. Але тыя, хто паспеў падпісаць дамову да 2 жніўня, атрымаюць крэдыт у поўным аб'ёме.



Большасці з тых, каму патрэбна палепшыць жыллёвыя ўмовы, Беларусбанк прапануе крэдыт на тэрмін да 20 гадоў пад 25,5% гадавых. Пры гэтым памер крэдыту можа пакрыць да 75% кошты жылля.



Беларусбанк стаў адным з трох дзяржаўных банкаў, якія ў канцы лютага — на пачатку сакавіка 2013 года пачалі выдаваць чаргавікам крэдыты на нерухомасць па зніжаных адсоткавых стаўках. Тады для чаргавікоў, якія пражываюць у гарадах, стаўка была зніжана да 16% гадавых, для сельскіх жыхароў — да 14%. Двума іншымі банкамі сталі Белаграпрамбанк і Белінвестбанк.



Як паведамляла Еўрарадыё, на мінулым тыдні Белінвестбанк цалкам спыніў выдачу крэдытаў на жытло. Белаграпрамбанк працягвае выдаваць крэдыты на нерухомасць малазабяспечаным шматдзетным (пад 12% гадавых) і нешматдзетным (пад 14% гадавых) чаргавікам пры ўмове пражывання і будаўніцтвы жылля ў сельскай мясцовасці.



Фота — profi-forex.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі