Блогер прайграў суд старшыні Слонімскага райвыканкама
Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч выйграў у блогера Сцяпана Пуцілы суд па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. 12 лістапада гэтую справу разглядаў Мінскі гарадскі суд.
Суд вырашыў, што блогер павінен заплаціць Хомічу кампенсацыю маральнай шкоды ў 3000 рублёў (Хоміч прасіў 10 тысяч) і размясціць на сваім Telegram-канале судовае рашэнне. Таксама блогер павінен аплаціць 370 рублёў судовых выдаткаў.
Нагадаем, што блогер апублікаваў інфармацыю, быццам Хоміча і яго жонку даішнікі затрымалі п'янымі. Гэтыя звесткі перадрукавалі некаторыя СМІ. Аднак ДАІ гэтую інфармацыю не пацвердзіла. Хоміч падаў у суд не толькі на блогера, але і на СМІ, якія перадрукавалі гэтыя звесткі.
Ні пазоўнік, ні адказчык у суд не з'явіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўлялі два адвакаты: Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша. Як перадае Радыё "Свабода", Колесава-Гудзіліна на судзе заявіла: "Сваімі дзеяннямі Сцяпан Пуціла зняважыў у асобе майго даверніка і Рэспубліку Беларусь".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.