Большасць фігурантаў справы пра “Пагоню” выбачыліся перад яе стваральнікам
Праўда, Уладзімір Крукоўскі гатовы прабачыць не ўсіх, бо некаторыя звароты да яго так і не дайшлі.
Большасць абвінавачаных у незаконным выкарыстанні эталону герба “Пагоня” публічна папрасілі прабачэння ў яго стваральніка. Нагадаем, мастак Уладзімір Крукоўскі прыгразіў судом літаратару і музыку Алесю Плотку, гандляру кнігамі Алесю Мазаніку, арт-дырэктару студыі Pras Аляксею Кульбіцкаму, “Арт-Сядзібе”, краме symbal.by і рэдакцыі Радыё Свабода, якія зрабілі шэраг карыкатур і перапрацовак гербавага эталону 1991 года.
“Крукоўскі сказаў, што гатовы ўлагодзіць справу без суда, калі аўтары інтэрпрэтацыяў публічна папросяць прабачэння, — напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Франак Вячорка як прадстаўнік Радыё Свабода. — Я публічна прашу прабачэння ў спадара Уладзіміра. І мне вельмі прыкра, што ўсё перарасло ў недарэчны канфлікт”.
Тое ж самае зрабіў і Алесь Плотка, апраўдваючы стварэнне “Вершніцы”, выява якой была размешчаная на яго кнізе “Байсан”.
“Працягваючы мэсідж журналіста Вячоркі, дэкларую, што мастаку Крукоўскаму ад маёй персоны прыносяцца прабачэнні ў неабходнай ступені. Алесь Плотка. Жанчыны Беларусі мусяць зразумець. Дзякуй вам за тое, што вы ёсць — самаахвярныя, мудрыя і натхняючыя”, — напісаў літаратар.
Кіраўнік “Арт-Сядзібы” і крамы Symbal.by Павел Белавус выбачыўся перад мастаком падчас размовы з тэлеканалам “Белсат”. Гандляр кнігамі Алесь Мазанік падчас размовы з Еўрарадыё ўвогуле быў перакананы, што Уладзімір Крукоўскі пра яго плакат “Па конях” ведае і не супраць. Падчас сустрэчы з мастаком у яго майстэрні ён гэта пацвердзіў і дадаў, што прэтэнзіяў да Мазаніка больш не мае.
Нагадаем, раней стваральнік “Пагоні” Уладзімір Крукоўскі паведамляў, што не мае ніякіх фінансавых прэтэнзіяў. Судовы працэс — для яго прынцыповая справа па абароне аўтарскага права. І калі ўсе “фігуранты справы” папросяць прабачэння і паабяцаюць больш не красці чужую інтэлектуальную маёмасць, спадар Крукоўскі паабяцаў да суда не даводзіць. Што праўда, пакуль мастак не гатовы прыпыніць разбіральніцтва, бо на сувязь з ім выйшлі толькі некаторыя “са спісу”, ды і ў сеціве ён бачыў не ўсе прабачэнні.