Былы супрацоўнік запраўкі А-100 паскардзіўся на беларускую мову
Андрэй кажа пра недастатковую моўную падрыхтоўку супрацоўнікаў, з-за чаго, нібыта, узнікалі праблемы з кліентамі.
Экс-супрацоўнік сеткі заправак А-100 Андрэй распавёў сайту Onliner.by пра праблемы, звязаныя з беларускай мовай абслугоўвання кліентаў, пераход на якую адбыўся ў пачатку 2015 года. Ён сцвярджае, што моўная падрыхтоўка супрацоўнікаў была недастатковая (сумарна 6 гадзін), таму яны не маглі на прыстойным узроўні размаўляць з кліентамі па-беларуску, пераходзілі на "трасянку". Паводле слоў Андрэя, некаторыя кліенты пакідалі скаргі, што не ўсе словы разумеюць (напрыклад, "кава з вяршкамі"), а іншыя здымалі дыялог на відэа.
За невыкананне стандартаў беларускамоўнага абслугоўвання супрацоўнікаў пазбаўляюць прэміі на 4%. Але, па словах Андрэя, большасць супрацоўнікаў працягваюць размаўляць па-руску — за выключэннем запраўкі на Баравой, дзе размяшчаецца офіс кіраўніцтва і "вялікая імавернасць нарвацца на начальніка". На думку Андрэя, "гвалтоўнае навязванне — гэта абсурд і дыскрэдытацыя ідэі".
Onliner.by паразмаўляў з кіраўніцай упраўлення маркетынгу А-100 Нінай Ніканоравай. Паводле яе слоў, кожны супрацоўнік вольны абіраць мову, на якой будзе працаваць. Распрацаваная сістэма дадатковага грашовага заахвочвання за выкарыстанне беларускай мовы ў працы. Яна не бачыць сэнсу ў каментаванні меркавання прыватнай асобы, "якое больш падобнае да крыўды".
Станоўчых водгукаў ад кліентаў стала значна больш, кажа Ніканорава, а колькасць скаргаў не павялічылася. Але папярэдняя ацэнка праекту "беларусізацыі" А-100 будзе дадзеная толькі па выніках 2015 года.
Фота: svaboda.org