Чым скончыліся скандалы з удзелам беларускіх баксёраў?

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, чым скончыліся скандальныя інцыдэнты з удзелам беларускіх баксёраў.

Напрыканцы ліпеня баксёры Сяргей Хаміцкі і Аляксандр Усцінаў, сталі закладнікамі няшчырых спартовых інтрыг.

39-гадовы Хаміцкі сустракаўся ў Германіі са знакамітым Робертам Шцігліцам ― экс-чэмпіёнам свету па боксе. У 9-ым раўндзе беларус пачаў моцна прэсаваць суперніка і, як лічаць многія, быў блізкі да накаўту. У справу ўмяшаўся польскі рэферы. У самым пачатку 10-га раўнду ён нечакана залічыў беларусу паразу тэхнічным накаўтам з-за адклеенага на пальчатках пластыру. Беларуская федэрацыя прафесійнага боксу падала пратэст наконт дзеянняў рэферы. І, як паведамляе Валерый Капля (мэнэджар Хаміцкага), адказ ад спартовых чыноўнікаў пакуль так і не атрымалі. Толькі на словах пазіцыю беларускага боку многія падзяляюць.

“Я тэлефанаваў і размаўляў з прэзідэнтам Еўрапейскага баксёрскага саюза (EBU) і з суддзямі, нават польскімі. Яны выбачаліся за дзеянні свайго арбітра, ― сцвярджае менеджар. ― Усе ў адзін голас кажуць, што такога ніколі не бачылі. Усё, што мог зрабіць рэферы, гэта зняць ачко і даць дастаткова часу на тое, каб ператэйпаваць рукі. З майго пункту гледжання, час на тэйпіроўку не прадаставілі наўмысна. Сяргей стаў небяспечным, у канцы 9-га раўнду Шцігліц упаў ад левага бакавога. І адразу пасля гэтага рэферы прыняў такое рашэнне”.

Двубой праходзіў за тытул Інтэркантынентальнага чэмпіёна ў версіі WBO. Дагэтуль журналісты лічылі, што пояса чэмпіёна Еўропы ў гэтай жа версіі Хаміцкага пазбавілі. Валерый Капля падкрэслівае, што гэта не праўда. Трафей па-ранейшаму знаходзіцца ў беларуса.

“Пакуль мая будучыня ― гэта туман. Але мяркую, што восенню бой правяду”, ― разважае пра свае перспектывы Сяргей Хаміцкі.

Еўрарадыё: Ці адбыліся ў вас з тае пары нейкія змены ў жыцці?

"Ну нявесту знайшоў", ― усміхаецца Сяргей.

Еўрарадыё: Гэта тая самая дзяўчына, да якой вы пасля бою са Шцігліцам паехалі ў Швейцарыю?

Сяргей Хаміцкі: “Яна там працуе, але стала жыве ў нас. А што тычыцца майго спартовага жыцця, у ім ўсё па-ранейшаму. Трэнірую вучняў, пастаянна трымаю сябе ў форме, правільна харчуюся, рыхтуюся да наступных баёў”.

У той жа самы дзень 26-га ліпеня ў недарэчную сітуацыю трапіў мінскі баксёр-суперцяж Аляксандр Усцінаў. У Брытаніі ён мусіў выступіць супраць мясцовай зоркі Тайсана Ф’юры. Многія эксперты аддавалі перавагу беларусу, але Ф’юры адмовіўся ад паядынку з Усцінавым за некалькі гадзін да турніру, спаслаўшыся на нечаканую хваробу свайго дзядзі Х’ю. 

“Ён нават не змог сказаць, у якой бальніцы дзядзя ляжыць. Гэта была абсалютная прыдумка. Наколькі мне вядома, Ф’юры з-за той сітуацыі пазбавілі ліцэнзіі і будуць супрацьстаяць атрыманню ліцэнзіі ў іншых краінах”, ― дзеліцца інфармацыяй з Еўрарадыё Уладзімір Задзіран, трэнер Аляксандра Усцінава.

Кампанія К2 Promotions, якая належыць братам Клічко і якая апякае нашага байца, выставіла арганізатарам шоў фінансавыя прэтэнзіі за сарваны двубой. Але ніякай інфармацыі датычна гэтага камандзе Усцінава пакуль не паведамілі. Тым часам байцы працягваюць пазбягаць матчаў супраць “Беларускага гіганта”.

“Мы павінны былі выступіць 4-га кастрычніка. На жаль, чарговы сапернік, на гэты раз серб, зноўку адмовіўся, ― працягвае Уладзімір Задзіран. ― Як нам паведамілі, з прычыны траўмы. Што тычыцца сустрэчаў з Аляксандрам, то ўсе перад боем аказваюцца траўмаванымі ― то душэўна, то фізічна. Час ідзе, а мы не маем магчымасці выступаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі