Эксперты пра гульню хакейнай зборнай: Усё выдатна, у хлопцаў гараць вочы
Еўрарадыё папрасіла трэнераў Андрэя Гусава і Міхаіла Захарава пракаментаваць першыя матчы каманды Льюіса.
На чэмпіянаце свету па хакеі ў Чэхіі зборная Беларусі стартуе ўпэўнена. Спачатку абыгрывае Славенію, потым прайграе ў овертайме славакам. Галоўны трэнер хакейнага клуба “Шахцёр” з Салігорска Андрэй Гусаў кажа Еўрарадыё, што зборная гуляе проста выдатна:
“Мне вельмі падабаецца гульня нашай зборнай. Такая баявая, гараць вочы ў хлопцаў. Даволі актыўны хакей дэманструюць, правільна гуляюць ў зоне абароны. Практычна не дазваляюць саперніку рабіць небяспечныя вострыя контратакі. Выдатна ў меншасці гуляюць, ёсць спецбрыгада меншасці. І галкіпер выдатны проста”.
Гусаў мяркуе, што сёлетняя каманда не вельмі адрозніваецца ад мінулагодняй, якую мы бачылі на сваім хатнім чэмпіянаце. Тады зборную таксама трэніраваў канадзец, Глен Хэнлан. І гэта пакідае свой адбітак — Дэйв Льюіс нязначна змяніў стыль гульні, надаўшы яшчэ большую ўвагу фізічнай гатоўнасці хакеістаў.
Падабаецца зборная і галоўнаму трэнеру мінскага “Юнацтва” Міхаілу Захараву. Ён ацэньвае гульню нацыянальнай каманды на выдатна:
“Тое, як каманда гуляла ў двух матчах, і ўзяла 4 ачкі, — вельмі здорава. Змагаліся, выдатна праявілі сябе, адназначна малайцы. Вельмі здорава”.
Прашу экспертаў знайсці хоць нейкія недапрацоўкі — павінныя ж яны таксама быць. Андрэй Гусаў задумваецца і… зноў пачынае хваліць каманду. Праўда, адзін момант усё ж згадвае. На думку эксперта, трэнеру Льюісу трэба папрацаваць над рэалізацыяй большасці:
“Не скажу, што я не чакаў такога хакея, але ён прыемна здзіўляе. А матч са Славакіяй — гэта ўвогуле такі топавы ўзровень. Добры магутны рух, нягледзячы на тое, што гулялі дзве гульні запар. Добры настрой. Дабротны хакей дэманструюць. Адзінае, у чым трэба дабавіць — гульня ў большасці. І было б зусім выдатна”.
Міхаіл Захараў ацэньваць працу канадскага калегі з беларускімі хакеістамі адмаўляецца. Кажа, што не мае такой звычкі. Дадае, што з такой гульнёй мы дакладна можам спадзявацца на плэй-оф:
“Трэнераў я ніколі не абмяркоўваю, вы ж ведаеце. Для мяне ўсе яны калегі. Малайцы лідары каманды — паказалі сябе з лепшага боку. І Калюжны, і Касціцыны малайцы. Лаланд выдатна стаіць, усе хлопцы малайцы. Наконт прагнозаў… давайце пачакаем. Калі выйдуць у плэй-оф, будзе выдатна”.
Наступны матч хакейная зборная Беларусі правядзе 5 траўня супраць Даніі. Датчане маюць толькі адно ачко — прайгралі славакам па булітах. Беларусам, каб трапіць у стадыю плэй-оф, датчан трэба абавязкова абыгрываць.
Фота REUTERS/Laszlo Balogh