Эстонскім фермерам патрэбныя беларусы, але ўлады не хочуць пускаць іх у краіну
Эстонскія студэнты збіраюць клубніцы на ферме Рамсі Агра ў Ярвекуле, Эстонія, 5 ліпеня 2020 года. Урад Эстоніі вырашыў адмяніць раней прынятае рашэнне аб забароне сезонным рабочым з-за межаў Еўрапейскага саюза працаваць у краіне / Reuters
Эстонскія фермеры б'юць трывогу — няма каму збіраць клубніцы і даіць кароў. Самі эстонцы масава з'язджаюць у больш багатыя краіны Еўропы па лепшае жыццё, а працоўных мігрантаў з Украіны, Беларусі, Расіі, якія працавалі на фермерскіх палях, праз каранавірус улады адправілі дадому, піша "Новая газета — Балтия".
У 2019 годзе МУС Эстоніі выдала 32 274 кароткатэрміновыя дазволы на працу. 24 342 з іх — грамадзянам Украіны, 1836 — беларусам. У 2020-м праз каранавірус і міграцыйную палітыку Эстоніі кароткатэрміновую рабочую візу атрымала толькі 853 беларусы.
Рэч у тым, што ўжо год Эстоніяй кіруе кааліцыйны ўрад з трох партый: леваліберальная Цэнтрысцкая партыя, якая шмат у чым абапіраецца на рускамоўную меншасць, кансерватыўная партыя "Айчына" і нацыянальна-кансерватыўная партыя EKRE. Апошнім належыць шэраг ініцыятыў, звязаных з абмежаваннем міграцыі ў Эстонію — у прыватнасці, узмацнення жорсткасці ў дачыненні да замежных студэнтаў. Да таго ж урад вырашыў, што замежныя рабочыя, у якіх заканчваецца або скончылася рабочая віза, павінны пакінуць Эстонію да 31 жніўня.
Але 21 ліпеня ў Талін усё ж прыляцеў спецрэйс з рабочымі з Кіева, заказаны Сельскагаспадарчай гандлёвай палатай Эстоніі, які прывёз у краіну 170 работнікаў. Гэта часовае рашэнне: міграцыйная палітыка застаецца полем сутыкнення ліберальных і нацыяналістычных сіл, і пакуль незразумела, хто перамагае.
Клубніцы і каровы не застануцца без нагляду
У пачатку ліпеня адбылося пазачарговае пасяджэнне Рыйгікогу Эстоніі (парламента — Рэд.), каб абмеркаваць прапанову пакінуць замежную рабочую сілу ў краіне да канца года, а не да 31 ліпеня, як вырашыў урад вясной. Паколькі ціск фермераў на палітыкаў узмацніўся, частка дэпутатаў кааліцыйнага ўрада была гатовая падтрымаць прапанову апазіцыі, каб толькі даць сельскагаспадарчаму сектару хоць бы часовае рашэнне. Згодна з ёй замежныя сезонныя работнікі змогуць працаваць у Эстоніі да 180 дзён на працягу 365 дзён запар да 30 красавіка 2022 года (цяпер кароткатэрміновую працу можна зарэгістраваць на тэрмін да 365 дзён на працягу 455-дзённага перыяду, сезонную працу можна зарэгістраваць на тэрмін да 270 дзён на працягу года).
Студэнтам можна, але ў адзіночку і часова
Тым часам міністр унутраных спраў Март Хельмэ (EKRE) 16 ліпеня ўнёс на абмеркаванне ўрада папраўкі ў закон аб замежніках і іншыя законы, якія датычацца рабочай і вучэбнай міграцыі. Па словах старшыні партыі EKRE Марціна Хельмэ, яго партыя не аслабіла свае пазіцыі па пытанні аб замежнай рабочай сіле.
Наадварот, партыі дамовіліся пра істотнае ўзмацненне жорсткасці выкарыстання замежнай рабочай сілы — нават нягледзячы на тое, што межы адкрываюць зноў, а таксама пра ўзмацненне жорсткасці парадку прыезду ў Эстонію замежных студэнтаў і іх знаходжання тут. Цяпер, па словах Марціна Хельмэ, замежныя студэнты не змогуць прывозіць з сабой сямейнікаў, а пасля заканчэння ўніверсітэта ім прыйдзецца пакінуць краіну.
Замежныя рабочыя — эканамічная неабходнасць
Дэпутат Рыйгікогу ад Цэнтрысцкай партыі Тарма Там адзначыў, што выкарыстанне замежнай рабочай сілы стала нормай.
"Практычна ўсе развітыя краіны актыўна выкарыстоўваюць гэтую магчымасць. Калі мы хочам заставацца канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку, Эстонія не павінна заставацца пабочным назіральнікам", — падкрэсліў Там.
Паводле слоў дэпутата Рыйгікогу з апазіцыйнай партыі сацыял-дэмакратаў Яануса Марандзі, павінна быць цалкам зразумела, што тое, што вырабляецца з дапамогай замежнай рабочай сілы, спрыяе росту эканомікі краіны і павялічвае нацыянальнае багацце Эстоніі. "Нягледзячы на месяцы пошукаў (фермерамі работнікаў у Эстоніі), ясна, што не варта спадзявацца, што беспрацоўныя з гарадоў пагодзяцца на работу ў вёсцы. Эміграцыя з Эстоніі расце, а эканоміка скарачаецца. Кола замкнулася. Таму часовае выкарыстанне замежных работнікаў адпавядае нацыянальным інтарэсам Эстоніі і адпавядае доўгатэрміновым мэтам эканамічнага росту і павышэння дабрабыту людзей", — лічыць былы міністр сельскай гаспадаркі Марандзі.
За апошнія паўтара года часовы від на жыхарства ў Эстоніі атрымалі жыхары 55 краін, у тым ліку і беларусы: 328 грамадзян Беларусі ўладкаваліся на працу ў 2019 годзе і 169 — у 2020-м.
Новыя правілы ўезду
У пачатку чэрвеня Рыйгікогу прыняў папраўкі да закона аб іншаземцах, згодна з якім дэпартамент паліцыі і памежаховы атрымаў права ацэньваць працадаўцаў або навучальныя ўстановы, якія запрашаюць замежнікаў у Эстонію. Калі паліцыя кваліфікуе працадаўцу ці навучальную ўстанову як нядобрасумленных, то гэтая ацэнка будзе ўлічвацца пры прыняцці рашэння пра допуск адпаведнага замежніка ў Эстонію. Гэта значыць, што замежніку можа быць адмоўлена ў выдачы віду на жыхарства або доўгатэрміновай візы, а ўжо выдадзеная доўгатэрміновая віза можа быць анулявана.
Паводле звестак "Новой газеты — Балтия", у 2019 годзе Эстонія выдала 991 пастаянны від на жыхарства і 9081 часовы дакумент. За першыя паўгода 2020-га — выдадзена 840 пастаянных відаў на жыхарства і 4412 часовых: 5 беларусаў сталі рэзідэнтамі Эстоніі, 216 атрымалі дакумент аб часовым пражыванні ў гэтай краіне.
Пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.