Федэрацыя хакея: Прызначэнне Хэнлана нават не абмяркоўвалася

Інфармацыя пра змену галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі прагрымела ўвечары 16 траўня. Звесткі падаў “Прэсбол”. Паведамлялася, што галоўны кандыдат на пасаду — канадзец Глен Хэнлан. Неўзабаве гэту інфармацыю абвясціў і каментатар тэленакала “Беларусь-2” (падчас чвэрцьфінальнага матчу Швецыя — Канада).

Кіраўнік Федэрацыі хакея Яўген Ворсін не адказвае на тэлефанаванні. Пазіцыю арганізацыі выказвае Арсеній Якавенка, менеджар па сувязях з грамадскасцю і прэсай:

“Рашэнне наконт галоўнага трэнера яшчэ не прынята. Больш за тое, складана каментаваць гэту інфармацыю. Таму што ніхто не спасылаецца на крыніцу інфармацыі. Магчыма, жаданае выдаецца за сапраўднае. Што тычыцца Федэрацыі, пытанне наконт Хэнлана нават не абмяркоўвалася. Яўген Ворсін прыляціць з чэмпіянату свету толькі 22 траўня. Будзе прызначана справаздачна-выбарчая канферэнцыя, якая пройдзе ў сярэдзіне чэрвеня. Вось тады і будзе прынята рашэнне наконт галоўнага трэнера”.

У той жа час не раз прагнозы “Прэсбола” спраўджваліся. І наконт інфармацыі пра Хэнлана выданне спасылаецца на “сур’ёзныя крыніцы”. Тым больш вядома, што ў вялікай ступені на пазіцыю Федэрацыі хакея ўплываюць найвышэйшыя спартовыя чыноўнікі краіны.

Але пакуль кіраўніцтва беларускага хакея верыць у той шлях развіцця зборнай, які абраны.

Яўген Ворсін сёння выказваецца ў падтрымку Андрэя Скабелкі як галоўнага трэнера зборнай, — працягвае Арсеній Якавенка. — Ён кажа, што мяняць і тасаваць кіраўніцтва каманды штогод — не пойдзе на карысць ні нашаму хакею, ні камандзе. Таму што выконваць у такім разе пастаўленую задачу складана. Гэта несур’ёзна”.

Знакаміты расійскі хакейны спецыяліст Уладзімір Крыкуноў, з якім наша нацыянальная зборная заняла 4-е месца на Алімпіядзе, выказаў Еўрарадыё сваё бачанне стратэгіі, якую павінны абраць беларускія хакейныя функцыянеры. Сярод парадаў змена галоўнага трэнера не фігуравала.

“Зборная Беларусі так выступіла на чэмпіянаце свету, бо склад малады быў. Адкуль прыйшлі ў зборную гэтыя хлопцы? — раскладае па паліцах Уладзімір Крыкуноў. — Трэба было ім гуляць у КХЛ. Вы ж стварылі каманду “Дынама-Мінск”, і атрымліваецца, што вы яе стварылі для фінаў, амерыканцаў, канадцаў, чэхаў і славакаў. Сваіх жа гульцоў там мала. Трэба было зрабіць так, як казахі. Яны цяпер усіх сваіх падцягваюць у “Барыс”. Там было 12 легіянераў. Потым іх стала пяць, у выніку засталіся трое. Легіянераў замянілі сваімі. І нічога, свае на тым жа ўзроўні загулялі. Вось і вы павінны ў “Дынама” пакінуць пяць легіянераў (адно звяно і тры пяцёркі сваіх гульцоў). І вашы хлопцы вельмі хутка вырастуць, асабліва маладыя. Літаральна за 4-5 месяцаў выйдуць на ўзровень КХЛ і будзе ім лёгка там гуляць”.

pilt.delfi.ee

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі