Фэст “Самаход”: культурны намёк на адмену віз з Еўропай (фота)
Кампанія “У Беларусь і Еўропу без візы” правяла ў Мінску двухдзённы фестываль мабільнасці. З канцэртамі, дыскусіямі ды воркшопамі.
"Самаход" распачаўся 21 чэрвеня вялікім бясплатным канцэртам гуртоў Сlover Club ды Akute у клубе “Re:Public”. Трапіць на імпрэзу можна было па папярэдняй рэгістрацыі. Але шанец быў нават у тых, хто пра яе забыўся.
На канцэрце прапанавалі сфатаграфавацца з фірмовымі “уязнымі” пячаткамі ад кампаніі "У Беларусь і Еўропу без візы". Мэсадж можна выбраць самому: "No visa", "Еўропа, я свой" ці які іншы.
Аналагічныя здымкі трансляваліся на задніку сцэны падчас імпрэзы. "Паўторак" не было: скасаваць візавы рэжым з Еўрасаюзам хочуць дзесяткі тысяч беларусаў.
Музыкі выйшлі на сцэну ў фірмовых майках "У Беларусь і Еўропу без візы". А пасля канцэрта падзяліліся з Еўрарадыё сваімі візавымі гісторыямі. Akute распавялі, што стаўленне памежнікаў адразу робіцца больш станоўчым, калі яны даведваюцца, што перад імі музыкі.
А вакалістка Сlover Club Патрык праз перашкоды, якія чыніць візавы рэжым, не змагла скончыць адукацыю:
"Я вучылася ў Польшчы паўгода, а пасля мне сказалі, што я парушыла візавы рэжым, і новую візу не далі. Праз гэта давялося кінуць універ! Але я не зрабіла нічога дрэннага! Я тады працавала ў “Свабодным тэатры”. Мы ездзілі на гастролі ў Лондан ды ў Грэцыю, вярнуліся ў красавіку. Але візу я мела ажно да канца чэрвеня і таму зрабіць новую не магла. Давялося цэлы месяц хадзіць у консульства, асабіста размаўляць з консулам, але не дапамагло нават гэта!"
Другі дзень фэста быў прысвечаны таму, як можна пазбегнуць падобных сітуацый. У крэатыўным кластары МЕ100 можна было паўдзельнічаць у дыскусіях пра візы, сустрэцца з экспертамі ды з замежнымі валанцёрамі, якія жывуць ды працуюць у Беларусі.
Апошнім акордам фэсту стаў канцэрт Dima Deech.