“Газету Слонімскую” вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі

На “Газету Слонімскую” пачалі адміністрацыйную справу за абразу кіраўніка дзяржавы. Недзяржаўнае выданне вінавацяць у “распаўсюдзе заведама ілжывых звестак, што зневажаюць гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

5 жніўня галоўнага рэдактара газеты Віктара Валадашчука выклікалі ў Слонімскі РАУС. Яму паведамілі, што падставай для справы стаў артыкул “Голас з вёскі. Галоўнае, што гаварыць прэзідэнт добра ўмее”. Гэта было апытанне жыхароў адной з вёсак Слонімшчыны наконт выбараў. Што менавіта не спадабалася ў артыкуле, Валадашчуку не паведамілі. Ён у сваю чаргу заявіў, што пакуль не гатовы даваць тлумачэнні з нагоды справы.

У размове з Еўрарадыё Валадашчук кажа, што нягледзячы на непрыемнасці газета рыхтуе наступны нумар.

Валадашчук: “Ну што мы будзем рабіць – будзем працаваць, выпускаць наступны нумар. Вось была планёрка і мы вырашылі працягваць. Будзе яшчэ сустрэча, праваахоўныя органы будуць займацца нашай справай. Да якога выніку яны прыйдуць, мне не вядома. Хутчэй за ўсё, канечне, справа будзе перададзена ў суд, а суд ужо вырашыць, што з намі рабіць – парушылі мы ці не парушылі артыкул адміністрацыйнага кодэксу”.

Калі рэдакцыю прызнаюць вінаватай, ёй можа пагражаць штраф да 90 мільёнаў рублёў (500 базавых велічыняў).

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі