Гомельскі журналіст падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека

Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Ён асвятляў пікет у Светлагорску, за што яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве".

Нагадаем, у лістападзе 2014 года грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка зладзіў пікет у Светлагорску. Спачатку ён спрабаваў прайсці ў райвыканкам, каб выказаць кіраўніцтву свае прапановы ў справе абароны правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі гэта не атрымалася, Ляшэнка вымушаны быў разгарнуць плакат проста на плошчы. Як паведамляла Еўрарадыё, ужо праз тры хвіліны яго гвалтоўна звезлі адтуль на "хуткай дапамозе".

Усё гэта здымаў на відэа гамяльчук Кастусь Жукоўскі, які, акрамя асноўнай працы, падпрацоўвае журналістам. Ён разаслаў зняты матэрыял у розныя СМІ. А праз некаторы час Жукоўскага аштрафавалі.

Днямі журналіст-фрылансер падаў скаргу у Камітэт ААН па правах чалавека аб парушэнні правоў збіраць і распраўсюджваць інфармацыю:

"Я хачу пачуць праўду хаця б у ААН. Таму што ўсе магчымыя варыянты ўнутры Беларусі я ўжо вычарпаў. Ужо няма каму скардзіцца, засталося толькі ААН. Я патрабую праз ААН мець права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю".

Адзначым, што Кастуся Жукоўскага аштрафавалі на 900 тысяч рублёў. Ён лічыць, што гэта спроба з боку ўладаў яго запалохаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі