Грамадскія актывісты настойваюць на крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі

Яны настойваюць на ўвядзенні крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі, паведаміла БелаПАН старшыня арганізацыі “Заасвет” Марына Пушкевіч.

На сёння ў Беларусі дзейнічае толькі адміністратыўная адказнасць за такія супрацьпраўныя дзеянні — прадугледжваецца штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністратыўны арышт. Генеральная пракуратура ў лютым падтрымала прапанову грамадзян аб узмацненні адказнасці. Аднак гэтая ініцыятыва дагэтуль не рэалізаваная, таму абаронцы жывёл хочуць дамагчыся, каб у Крымінальным кодэксе з’явіўся артыкул аб жорсткім абыходжанні з жывёламі.

Па словах Марыны Пушкевіч, у Беларусі колькасць бяздомных жывёл штогод павялічваецца прыкладна на тысячу асобінаў. За мінулы год адлавілі і знішчылі 72 тысячы жывёл, хоць дзесяць гадоў таму знішчалася 65 тысяч.

Рост колькасці бадзяжных катоў і сабак можна растлумачыць неэфектыўнасцю дзяржаўнай палітыкі. Змяніць сітуацыю магчыма ўвядзеннем ліцэнзавання на развядзенне пародных жывёл і стэрылізацыяй бадзяжных, лічыць грамадская актывістка.

У той жа час Марына Пушкевіч адзначае, што за апошнія гады “адбыўся зрух” у стаўленні насельніцтва да жывёл — паведамленне пра жорсткае абыходжанне з імі паступаюць нават з аддаленых вёсак.

У Беларусі болей за 10 гадоў не могуць прыняць закон аб абароне жывёл: Палата Прадстаўнікоў рабіла тры такія спробы, аднак ва ўсіх выпадках законапраекты былі адкліканыя з-за рэзкай крытыкі грамадскасці. Прадстаўнікі зааабарончых арганізацый неаднаразова заяўлялі, што прапанаваныя праекты закона не забяспечваюць абарону жывёл ад жорсткага абыходжання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі