Каб пакласці ламінат, патрэбны мільён рублёў, пашпарт і згода сваякоў
Але рабіць праект падлогі згодна з пастановай Саўміна ніхто не бярэцца, а ў ЖРЭА прапануюць мяняць лінолеум незаконна — штраф такі ж, як і ўзгадненне.
Каб памяняць падлогу ў кватэры, патрэбны адмысловы праект. Гэта прадугледжвае пастанова Саўміна аб перапланіроўцы. Еўрарадыё спрабуе пакласці ламінат па новых правілах.
“Зараз пастанову адкрыем, бо там па-новаму ўсё, мы яшчэ самі не разабраліся, — адразу хапаюцца за новы дакумент у ЖРЭУ Цэнтральнага раёна. — Так, змяненне канструкцыі падлогі – гэта адносіцца цяпер да перапланіроўкі”.
Камунальнікі тлумачаць, што Пастанову прынялі, бо жыхары вельмі часта скардзіліся…на падлогу.
“У нас былі звароты, што потым вось знізу скардзяцца: калі паклалі ламінат, вельмі гучна стала – маленькае дзіця бегала, скокала, і вельмі гучна”, — кажуць у ЖРЭА і нават пералічваюць, як узгадніць падлогу па новых правілах. Цяпер, на гэта патрэбна шэраг папер:
“Вы павінны прынесці свой пашпарт, тэхпашпарт на кватэру з копіяй, пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі кватэры, а таксама прывесці паўнагадовых членаў сям’і, каб яны пацвердзілі, што нічога не маюць супраць замены падлогі. І ў вас будзе ўсё гэта з праектам”, — пералічваюць у ЖРЭУ набор дакументаў і абяцаюць, што разглядаць дакументы будуць хутка.
На пытанне Еўрарадыё, дзе знайсці праекціроўшчыкаў, раяць пашукаць у інтэрнэце.
Аднак на праверку аказваецца, такія “дробныя праекты” праектныя арганізацыі не робяць, чатыры гадзіны тэлефанаванняў і ніводнага жадаючага праектаваць і ўзгадняць падлогу на тыповую кватэру. Праект-канторы раяць мяняць падлогу самавольна і хадзіць у тапачках.
“У нас таксама ламінат ляжаў – суседзі казалі, што нават калі сабака хадзіў было чуваць. Тапачкі мяккія надзявайце. А так – гэта нешта новае, узгадняць падлогу. А з іншага боку – хто будзе ведаць, калі вы паклалі гэту падлогу, а мо яна ў вас ўжо 100 гадоў стаіць?”, — прапаноўваюць сваё выйсце ў прыватнай канторы.
Чатыры гадзіны марных тэлефанаванняў, але жадаючых зрабіць праект няма. Праекціроўшчыкі прыблізна называць кошт такой працы – да 1 мільёна можна справіцца.
У ЖРЭА Цэнтральнага раёна намякаюць, што падлогу можна зрабіць і …самавольна.
“Тэхзаключэнне аб самавольнай перапланіроўцы – 100 долараў, штраф за самавольную устаноўку — мільён. Але калі суседзі нармальныя і ўсе добра зроблена будзе, праблем не будзе”.