Калаўр: Бліжэйшым часам у Беларусі іпатэчных крэдытаў быць не можа

Прагнозныя паказчыкі на 2015 год па зніжэнні стаўкі рэфінансавання — 15-16%. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр на прэс-канферэнцыі 5 траўня паведаміў, што банк плануе вельмі ўзважаны падыходзіць да вырашэння гэтай задачы.

"Прыярытэт Нацбанка — зніжэнне інфляцыі. Таму ў сцэнарных разліках яна вагалася ад 23 да 25%. З улікам нашых прагнозаў яна павінна зніжацца. Калі і як хутка — будзе залежаць ад макраэканамічнай сітуацыі ў краіне", — кажа галоўны банкір Беларусі. Пры гэтым ён дадаў, што Нацбанк не падтрымлівае высокія стаўкі па крэдытах.

Нагадаем, працэнты па крэдытах (напрыклад, крэдытаванне жылля) залежаць ад стаўкі рэфінансавання. Да яе ж могуць быць прывязаныя стаўкі па дэпазітах.

У сувязі з гэтым у Калаўра запыталіся, чаму стаўкі па крэдытах на жыллё ў Беларусі значна вышэйшыя за крэдыты ў Польшчы ці Расіі — 35% супраць 14%.

"Для таго, каб у нас стаўкі па крэдытах былі такія, як у Польшчы, у нас трэба забяспечыць той узровень макраэканамічнай сітуацыі, як у Польшчы. Каб выйсці на нізкі ўзровень па крэдытах, нам трэба выйсці на ўзровень інфляцыі не больш за 9%", — адказаў кіраўнік Нацбанка. Па яго словах, прагназуецца, што да 2020 года ў Беларусі гэты паказчык не павінен перавышаць 5%, у Расіі — не больш за 4%.

Калаўр адзначыў, што ў жыллёвай сферы было шмат розных праграм — і льготнае крэдытаванне, і жыллё для малазабяспечаных. Але бліжэйшым часам у Беларусі іпатэчных крэдытаў, як у Польшчы, быць не можа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі