Калякін: Вылучэннем адзінага кандыдата апазіцыя яшчэ і не пачынала займацца
У новы год дэмакратычныя сілы прыходзяць з жаданнем новай спробы вылучэння адзінага кандыдата на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.
Справаздачу па выніках зробленага ў 2014 годзе і планы на год 2015 прэзентавала журналістам 6 студзеня кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сярод іншага казалі пра фармат свайго ўдзелу ў сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. Па словах Анатоля Лябедзькі, яны ўжо пачалі фармаваць ініцыятыўную групу па вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча. Праўда, разумеючы, што чалавека, які знаходзіцца за кратамі, ЦВК не зарэгіструе, партыя рыхтуе “запасны аэрадром”.
Анатоль Лябедзька: “Мы ж не выпадкова агучваем і наш “Новы эканамічны курс”, нашы прапановы па стварэнні шырокага руху (па вылучэнні Міколы Статкевіча — Еўрарадыё). Гэта акурат для другой часткі прэзідэнцкай кампаніі, у якой я гатовы ўдзельнічаць і браць на сябе адказнасць. З’явіцца яшчэ нехта трэці — мы гатовыя з ім сядаць за стол перамоваў і размаўляць: як гэта рабіць (удзельнічаць у выбарах, — Еўрарадыё) у фармаце аднаго сцэнарыя”.
Па словах Лябедзькі, толькі два чалавекі заявілі пра сваю згоду і свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі: ён і Мікола Статкевіч. А ўсім іншым калегам з дэмсіл лідар АГП пакідае магчымасць паўдзельнічаць у кампаніі па вылучэнні Міколы Статкевіча.
Іншы погляд на будучую прэзідэнцкую кампанію ў калег Анатоля Лябедзькі. Высвятляецца, што астатнія яшчэ не развіталіся з ідэяй абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі! Пра гэта Еўрарадыё кажа лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў: “Я лічу, што гэты працэс не завершаны, і лічу неабходным яго завяршэнне — вылучэнне адзінага кандыдата. Незалежна ад таго, хто будзе гэтым адзіным кандыдатам, я ці іншы лідар нейкай партыі ці руху, я ў такім выпадку буду браць удзел у выбарах, падтрымліваючы гэтага адзінага кандыдата. Калі ж такога не станецца, то гэта зусім іншы расклад, і я буду глядзець на тое, што мне рабіць далей”.
Чарговая сустрэча лідараў апазіцыі, кажа Някляеў, пройдзе дзесьці ў сярэдзіне студзеня. І на ёй, імаверна, стане зразумела, ці ёсць у гэтай ідэі з адзіным новы шанс на ўвасабленне.
Спадзяюцца на аднаўленне перамоў па вылучэнні адзінага і ў “Руху “За свабоду””, запэўнівае намеснік лідара Юрась Губарэвіч. Больш за тое, яны нібыта працягваюць перамовы з мэтай вылучэння кандыдата на адзінага ад “Народнага рэферэндуму”, куды ўваходзіць уласна “Рух “За свабоду””, а таксама “Гавары Праўду”, Партыя БНФ, БСДП ("Грамада").
Юрась Губарэвіч: “Не так даўно адбылася Рада “Руху “За свабоду””, дзе большасць удзельнікаў выказаліся за тое, што трэба рабіць стаўку на кандыдата, які здолее кансалідаваць дэмакратычныя сілы. Калі гэта будуць не ўсе структуры, то хаця б большасць. Сёння такая кансалідаваная большасць ёсць у межах кампаніі “Народны рэферэндум” і мы вядзем перамовы з нашымі калегамі пра тое, які кандыдат зможа прадстаўляць гэтую кампанію”.
Адначасова, як вядома, лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч удзельнічае ў якасці кандыдата яшчэ ў адной выбарчай кампаніі — па абранні рэктара ЕГУ. Калі хаця б там яму ўдасца перамагчы, то пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах палітыку давядзецца забыць.
Перамовы па вылучэнні адзінага кандыдата яшчэ нават не пачыналіся, сцвярджае лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Вынікае, што ледзь не год лідары апазіцыі спрачаліся наконт… працэдуры вылучэнне дэлегатаў на Кангрэс.
Сяргей Калякін: “На кансультацыях не абмяркоўвалася пытанне пра адзінага кандыдата. Бо ў пытанні пра адзінага кандыдата цэнтральнае месца займае пытанне, з якім пасланнем, з якімі ідэямі, з якімі прапановамі да беларусаў пойдзе гэты кандыдат. І не толькі да беларускіх людзей, але і да знешніх гульцоў. А мы пра гэта нават не пачыналі гаварыць”.
Калякін не выключае вяртання да перамоў наконт адзінага. І ў той жа час кажа, рашэнне аб фармаце удзелу партыі “Справядлівы свет” у выбарах будзе прынятае вясной. Калі канкрэтна? А, як вырашаць, што гэты дзень настаў!
Ініцыятар вылучэння адзінага на выбарах 2015 года Павел Севярынец таксама не выключае, што спробы абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі могуць бліжэйшым часам аднавіцца. Але шчыра прызнаецца, што не асабліва верыць у іх выніковасць.
Павел Севярынец: “Усё магчыма. Мы вырашылі не закрываць дзверы канчаткова. Але асабіста ў мяне такіх чаканняў практычна не засталося. Бо, шчыра кажучы, досвед сумны…”
Не адмаўляецца ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і Алена Анісім — патэнцыйны кандыдат ад Рады беларускай інтэлігенцыі. Праўда, і яна кажа, што канчаткова наконт свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі не вызначылася. І калі гэта зробіць — невядома. Чакае, як беларусы адрэагуюць на Маніфест аб незалежнасці, прыняты на Кангрэсе за незалежнасць, які прайшоў напрыканцы снежня. Калі подпісаў назбіраецца шмат, то, дадае Анісім, будзе сэнс спрабаваць вылучацца кандыдатам на выбарах.
Фота: Змітра Лукашука