Кіраўнік прадпрыемства пасылаў работнікаў працаваць на сябра-бізнэсмэна
Мужчыну асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады.
Начальніка філіяла аднаго з адкрытых акцыянерных таварыстваў у Наваполацку асудзілі на пяць гадоў без канфіскацыі маёмасці, з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Таксама мужчына пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый тэрмінам пяць гадоў, і аштрафаваны на 18 млн рублёў.
Як інфармуе БелаПАН, кіраўніка прадпрыемства затрымалі напрыканцы 2014 года. Выявілася, што з 1 студзеня 2010 года па 31 снежня 2012 года, кіраўнік сістэматычна накіроўваў сваіх падначаленых для будаўніча-мантажных і аздобных прац свайму знаёмаму — дырэктару камерцыйнай структуры. Шкода акцыянернаму таварыству ад гэтых дзеянняў ацэненая больш чым у 43 млн рублёў.
На мужчыну пачалі крымінальныя справы за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, а таксама за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Даволі мяккі прысуд быў вынесены з улікам станоўчых характарыстык падсуднага і прызнання сваёй віны. Акрамя таго, мужчына добраахвотна і цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду.
Фота — kapital.kz