Кватэру ў цэнтры Мінска прадалі расіяніну за 1,3 мільёна долараў
Сёлета ў жніўні кватэру ў Мінску прадалі за 1 мільён 300 тысяч долараў. Элітная нерухомасць размяшчаецца ў доме нумар 5 па вуліцы Румянцава, каля плошчы Перамогі, піша nn.by.
Гэта невялікі дом, у якім усяго чатыры кватэры.
Кватэра мае плошчу каля 250 квадратных метраў. Праўда, у камплекце да яе ідзе машына-месца ва ўнутранай паркоўцы.
За апошнія тры гады гэта рэкордная сума пакупкі жытла ў Мінску. Большую суму заплаціў толькі пакупнік пяць гадоў таму, які купляў іншую кватэру ў гэтым самым доме: у верасні 2014 года кватэру тут купілі за 1 мільён 448 тысяч долараў. Праўда, па плошчы яна была значна большай — 360 квадратных метраў.
Паводле інфармацыі nn.by, пакупнік — 50-гадовы грамадзянін Расіі. Раней кватэра належала 47-гадовай расіянцы з такім самым прозвішчам. Магчыма, гаворка ідзе пра сямейныя справы.