"Лукашэнка баіцца чэсных выбараў" — спікер КР пракаментаваў ператрусы

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

Сённяшнія ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады, якія зладзілі беларускія сілавікі, — "гэта яўнае парушэнне асноўных правоў чалавека і дэмакратычных свабод". Пра гэта заявіў спікер КР Андрэй Ягораў. Ён заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць КР у барацьбе за аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.

"Лукашэнка баіцца чэсных выбараў, баіцца пабудовы альтэрнатыўных інстытутаў улады. Дзеянні рэжыму яскрава дэманструюць важнасць для беларусаў і будучыні нашай краіны маючых адбыцца выбараў у Каардынацыйную раду. Рэакцыя нелегітымных уладаў сведчыць аб тым, што дэмакратычныя сілы рухаюцца ў правільным напрамку. Супрацьпастаўляючы сябе дэмакратыі, Лукашэнка загадзя паказвае, што ягоныя так званыя выбары — гэта толькі пастаноўка, дзе няма месца справядлівасці, законнасці і рэальнаму волевыяўленню", — заяўляе Ягораў.

Ад імя КР ён заклікаў усіх грамадзян у Беларусі "ставіць у прыярытэт сваю бяспеку, але тым не менш шукаць магчымасць як мага больш актыўна ўдзельнічаць у маючых адбыцца выбарах у новы склад Рады і выкарыстоўваць свой голас для выказвання сваёй волі і імкнення да свабоднай і справядлівай Беларусі. Бо Лукашэнка дамагаецца якраз адваротнага".

28 лістапада стала вядома пра ператрусы ў Беларусі ў кватэрах сяброў КР і іх сваякоў. Ператрусы адбыліся ў эканаміста Сяргея Чалага, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, прэс-сакратара Ціханоўскай Ганны Красулінай ды іншых. У Следчым камітэце заявілі, што чальцоў КР (больш за 100 чалавек) падазраюць у здрадзе дзяржаве ды іншых. У іх апісваюць маёмасць і, верагодна, канфіскуюць пасля завочных судоў.

Па версіі следчых, спіс КР падаў ім адзін з чальцоў Рады, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па памілаванні. "Медыязона" згадала, што ў жніўні прапагандысты паказвалі сюжэт пра вяртанне ў Беларусь Аляксандра Піпкіна, якога называлі былым чальцом КР. Прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў абверг інфармацыю пра датычнасць Піпкіна да арганізацыі і дадаў, што цяпер у КР праводзяць верыфікацыю ўдзельнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі