Лукашэнка: "Распрацоўкі нашага ВПК здольныя здзівіць праціўніка". Але ёсць нюанс
Перад пачаткам нарады Аляксандру Лукашэнку паказалі "айчынныя распрацоўкі" / @pul_1
Беларускія распрацоўкі ваенна-прамысловага комплексу "здольныя здзівіць і ацверазіць людзей, якія выношваюць агрэсіўныя планы ў дачыненні да Беларусі і Расіі". Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў аўторак на нарадзе па пытанні развіцця мікраэлектронікі. Але потым ён прызнаў, што ёсць нюанс.
"Аднак нават у абарончай сферы мы пакуль яшчэ залежныя ад імпартных кампанентаў", — цытуе Лукашэнку агенцтва БЕЛТА.
Нагадаем, у пачатку чэрвеня зрабілася вядома, што Тайвань забараніў экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі ў РФ і Беларусь. Прычым супраць Мінска ўвялі санкцыі, каб ён не дапамагаў Расіі іх абыходзіць. Пад забарону трапілі мікрапрацэсары і шэраг мікрасхем, абсталяванне для аптычнай і рэнтгенаўскай літаграфіі, сканеры, электронна-сканавальныя мікраскопы для аўтаматычнай праверкі мікрачыпаў.
Лукашэнка ў аўторак, калі казаў пра развіццё мікраэлектронікі ў Беларусі, заклікаў сваіх чыноўнікаў больш актыўна супрацоўнічаць з іншымі краінамі, і не толькі з Расіяй. "Трэба супрацоўнічаць не толькі там, дзе нас чакаюць з распасцёртымі рукамі, дапусцім, у Расіі, але і там, дзе нас не чакаюць, — з амерыканцамі, японцамі і гэтак далей. Хоць бы для таго, каб бачыць той высокі ўзровень, да якога мы імкнёмся", — сказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.