"Ляпіс Трубяцкі" "Матрёшка"

"Ляпіс Трубяцкі" выдаў прароцкі альбом. Створаныя задоўга да Алімпіяды ў Сочы і падзей ва Украіне, песні пласцінкі могуць падацца надзённымі куплетамі. Гурт аспрэчвае падобную думку, тлумачачы, што "гэта музычна-фантастычны кіберпанк, альбом-казка, прысвечаны недалёкай будучыні". Музыкі падкрэсліваюць, што "за час, які мінуў з 2012 года, нейкія з песень пачалі здзяйсняцца ("Телевизор", "Матрёшка", "Воины света"), нейкія пакуль не здзейсніліся — а здзейсняцца ці не, залежыць ад нас сённяшніх, ад нашых учынкаў тут і цяпер".


"Матрёшка" працягвае маршавую браваду "Рабкора". Трэкі новай пласцінкі такія ж аскетычныя на інтанацыйна-меладычныя сентыменты. Апроч, хіба, узвышаных "Воинов света", аптымістычных "Клоуна нет" і кавер-версіі песні "Гражданской обороны" "Государство". Праўда, іронія "Рабкора" тут саступае месца сур'ёзнасці, недзе нават на мяжы з пафаснасцю. Прарок-сатырык Міхалок, відавочна, паддаўся павевам касмічных вятроў і ведаў наперад, што аднойчы стане не да смеху.


Натуральна, што калі сур'ёзна, то тады ўжо не да ска і не да дудак. Аскетычнасць "Матрёшкі" закранула і аранжыроўкі. Маўляў, ніякіх фінціфлюшак, галоўнае тэкст. А ў тэксце шмат палітыкі. Таму што цяпер ТАК трэба.


Усё ж, фінальны трэк "Клоуна нет" з мяккімі трубамі, пяшчотнай мандалінай, мажорам і радасным "клоуна нет" дае падставу меркаваць, што Оруэла Міхалок у хуткім часе пакладзе на паліцу. І што вайна скончыцца перамогай. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі