Мінсктранс: У 2015 годзе пасажыры будуць плаціць у залежнасці ад адлегласці

Нагадаем, "Мінсктранс" збіраецца ўвесці новую сістэму аплаты праезду ў грамадскім транспарце ў наступным годзе. Месяц таму яшчэ не было дакладна вядома, ад чаго будзе залежаць аплата праезду ў транспарце — ад часу, колькі пасажыр правядзе ў аўтобусе ці тралейбусе, ці ад адлегласці, якую ён праедзе.

Як паведаміў Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара КУП "Мінсктранс" Андрэй Паплёўка, арганізацыя вызначылася, на чым будзе "завязаны" праезд.  

Паплёўка: "Стаіць задача ўвесці аплату праезду ў залежнасці ад адлегласці. Спачатку мы выпрабуем гэта на прыгарадных маршрутах: мы яе адладзім, апрабіруем і потым горад будзе вырашаць, ці трэба будзе пераходзіць на гэтую сістэму аплаты. Мы абсталяванне змантавалі на 200 адзінках транспарту. Да 1 снежня мы будзем прапрацоўваць праграмнае забеспячэнне. З 1 снежня і да канца года — доследнае выкарыстанне. Па выніках яе будзе прымацца рашэнне аб ўводзе новай сістэмы аплаты на прыгарадзе".
 

Выпрабоўваць новую сістэму аплаты ў залежнасці ад адлегласці на прыгарадных маршрутах пачнуць з пачатку 2015 года. Калі праблем і нараканняў не будзе, яе ўвядуць і на гарадскіх маршрутах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі