“Мяккім” разгонам Майдана Януковіч хацеў “спадабацца” ЕС
А дабіўся таго, што яго дзеянні асудзілі ў Еўропе і Амерыцы, а ў самой Украіне аб'явілі агульнанацыянальную мабілізацыю.
Дачакаўшыся прыезду ў Кіеў Вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і намесніка дзяржсакратара ЗША Вікторыі Нуланд, праваахоўнікі пачалі “зачышчаць” Майдан. Гэта было зроблена адмыслова, у адзін голас сцвярджаюць эксперты.
“Гэта была спроба ўлады прадэманстраваць сваю моц і паказаць, што яны трымаюць сітуацыю пад кантролем”, — сцвярджае старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі, сябра Гуманітарнага савета пры прэзідэнце Украіны Косць Бандарэнка.
Косць Бандарэнка
І ажыццявіць такую “дэманстрацыю” праваахоўнікі не маглі без санкцыі кіраўніка краіны, падтрымлівае калегу дырэктар цэнтра палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімір Фясенка. Іншая справа, чыімі парадамі карыстаўся Віктар Януковіч, прымаючы рашэнне аб штурме Майдана.
Уладзімір Фясенка: “Без санкцыі Януковіча такія дзеянні здзяйсняцца не маглі. Але людзі, якія аддаюць такія загады, павінны разважаць палітычна. Януковіч ужо досыць даўно не мае адэкватнага разумення сітуацыі — як знешнепалітычнай, так і ўнутрыпалітычнай. З розных прычын: не хочуць дрэннае казаць “гасудару”… Але галоўнае — ім спрабуюць маніпуляваць. Паводле інфармацыі з розных крыніц, шэраг людзей, якія кантралююць сілавікоў, падпарадкоўваюцца не толькі Януковічу, але і расійскаму кіраўніцтву, дзейнічаюць у яго інтарэсах”.
Уладзімір Фясенка
Прымаючы рашэнне аб “дэманстрацыі кантролю над сітуацыяй”, Януковіч прадэманстраваў сваю некампетэнтнасць у якасці кіраўніка краіны, дадае палітолаг Віталь Портнікаў.
Віталь Портнікаў: “Я ніколі не чуў, што мірная акцыя разганяецца, нават калі ёсць жаданне яе разагнаць, у той момант, калі ў сталіцу краіны прыязджаюць высокапастаўленыя чыноўнікі з мэтай урэгулявання гэтага канфлікту!”
Калі Януковіч думаў “мяккім” разгонам Майдана прыемна ўразіць Захад, то дасягнуў адваротнай рэакцыі — дзеянні ўкраінскіх уладаў былі раскрытыкаваныя і Еўропай, і Амерыкай. “Відавочны крызіс узаемаадносінаў украінскага кіраўніцтва з Захадам”, — канстатуе Уладзімір Фясенка.
Як вядома, 10 снежня, падчас круглага стала з трыма экс-прэзідэнтамі па пераадольванні палітычнага крызісу, Віктар Януковіч заявіў, што група перамоўшчыкаў на чале з Сяргеем Арбузавым накіруецца на перамовы наконт дамовы аб асацыяцыі з ЕС у Брусэль ужо 11 снежня. Але ў самой Еўракамісіі не пацвярджаюць таго, што такая сустрэча запланаваная. Дый ці ёсць цяпер сэнс у такой паездцы?
Косць Бандарэнка: “Сэнс ёсць. Хаця б для таго, каб выратаваць тое, што можна выратаваць у гэтай сітуацыі, і пацвердзіць, што Украіна яшчэ можа ў перспектыве ўзнімаць пытанне аб асацыяцыі і што сённяшнія падзеі не больш чым непаразуменне”.
Вось толькі дэлегацыя павінна складацца з зусім іншых людзей, удакладняе Віталь Портнікаў. Зараз усю ўладу павінен узяць парламент, краіна мусіць вярнуцца да парламенцкага кіравання, абраць новы ўрад, і яго старшыня мусіць працягнуць перамовы з ЕС. А як жа прэзідэнт, можа ў яго яшчэ ёсць шанец сесці за круглы стол з апазіцыяй?
“Калі ўчора яшчэ была гатоўнасць прызнаваць Януковіча прэзідэнтам, але патрабавалі адстаўкі ўраду, адстаўкі міністра ўнутраных спраў і падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС, то зараз размова ідзе толькі пра адно — адстаўка прэзідэнта”.
Майдан пакуль выстаяў. Але што яго чакае далей?
Віталь Портнікаў: “Аб’яўленая нацыянальная мабілізацыя. Думаю, калі людзей збярэцца дастатковая колькасць, апазіцыя і іншыя сілы змогуць выставіць дастаткова сур’ёзныя патрабаванні ўладзе і вырашыць шмат якія пытанні будучага дэмакратычнага развіцця краіны. Але зараз сцвярджаць гэта я б не рашыўся”.
Віталь Портнікаў
Людзі няспынна ідуць на Майдан, канстатуе Косць Бандарэнка. Але надзея на перамовы ўлады і апазіцыі за круглым сталом і на дасягненне кампрамісу застаецца, мяркуе эксперт.
Фота: Еўрарадыё, obozrevatel.com, www.svoboda.org