Суд над дырэктарам газеты "Беларусы і рынак" зрабілі закрытым
Канстанцін Залатых / @viasna96
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над палітвязнем, дырэктарам газеты "Беларусы і рынак" Канстанцінам Залатых. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў КК: "распальванне варожасці" (ч.2 арт. 130), "абраза Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368), "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369), а таксама "перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў" (ч. 2 арт. 426). Справу вядзе суддзя Алена Шылько.
Пасля пачатку працэсу суд зрабілі закрытым.
Канстанціна Залатых затрымалі 18 траўня 2022 года пасля ператрусу ў рэдакцыі. Адразу яго адвезлі ў жодзінскае СІЗА, але ў пачатку жніўня 2022 года перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Следства сцвярджае, што медыяменеджар парушыў закон, калі сам, без правядзення агульнага сходу акцыянераў, унёс змены ў статут ЗАТ "Медыярынак" і выключыў са складу заснавальнікаў двух замежных грамадзян, а затым зарэгістраваў новы статут у Галоўным упраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама. На той момант у Закон Беларусі "Аб СМІ" былі ўнесеныя змены, якія "перашкаджалі двум грамадзянам Рэспублікі Польшча валодаць сумарна 28% акцый таварыства", гаворыцца ў матэрыялах справы. Зменены статут разам з іншымі дакументамі Залатых "падаў у Міністэрства інфармацыі, што зрабілася падставай для працягу таварыствам дзейнасці, а ім адпаведна — захавання пасады дырэктара".
Акрамя таго, у справе ёсць некалькі эпізодаў з размяшчэннем каментароў у сацыяльных сетках, якія закранаюць афіцыйных асоб і Аляксандра Лукашэнку.
Праваабаронцы прызналі Канстанціна Залатых палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.