Падчас чэмпіянату краіна адкрылася, а сістэма засталася закрытай

З аднаго боку, улады спрабуюць стварыць ідэальную карцінку для замежнікаў, з іншага — рэпрэсіі пачаліся ў дачыненні да грамадскіх актывістаў яшчэ да чэмпіянату: больш за 20 чалавек былі прэвентыўна затрыманыя і адпраўленыя на суткі. Аднак наяўнасць палітвязняў і рэпрэсіі не спынілі заўзятараў, яны гатовыя глядзець спартовыя спаборніцтвы, каментуе праваабаронца з праваабарончага цэнтра “Вясна” Андрэй Палуда:

“Што да заўзятараў, то мне даволі складана сказаць, ці разумеюць яны, у якой краіне знаходзяцца. Часта гэта простыя людзі. Якія не цікавяцца ні палітыкай, ні абаронай правоў чалавека. З іншага боку, калі казаць пра нейкія акцыі, які праводзіліся ці плануюцца праводзіцца з нагоды таго, што вельмі шмат было затрыманняў, гэтае поле зачышчанае, таму не варта чакаць, што акцыі будуць”.

Нагоду чэмпіянату па хакеі можна выкарыстаць не толькі для таго, каб асвятліць спартовыя спаборніцтвы, але і каб паказаць Беларусь замежнікам. І ў гэтым могуць дапамагчы ў першую чаргу журналісты. Напярэдадні спартовай падзеі сярод замежных журналістаў была створаная інфармацыйная кампанія “Чэмпіянат свету па хакеі — 2014”, расказвае адна з яе каардынатарак Сандра Ужуле-Фонс:

“Спачатку мы пазнаёміліся з патэнцыялам беларускага грамадства, потым правялі маніторынг беларускіх і замежных СМІ, пра што пішуць падчас чэмпіянату апроч спартовых спаборніцтваў. І сярод галоўных тэм, якія з’яўляюцца ў замежных СМІ, —тэма палітычнага рэжыму ў Беларусі, палітвязняў, агульнай усходняй палітыкі ЕС у кантэксце Беларусі. Мы спрабуем супрацоўнічаць з замежнымі журналістамі, актывізаваць іх, каб звярнулі ўвагу на Беларусь, каб паглядзелі, што чэмпіянат — гэта не толькі спорт”.

Так, брытанскі штодзённік The Guardian апублікаваў адкрыты ліст акцёраў, пісьменнікаў, рэжысёраў і дзеячаў мастацтва з заклікам звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў сувязі з чэмпіянатам у Беларусі, а на найбуйнейшым амерыканскім палітычным вэб-сайце The Hill з’явіўся артыкул пра неабходнасць абароны правоў беларускай ЛГБТ-супольнасці.

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец заўважыў, што асаблівых зменаў ва ўмовах працы журналістаў падчас чэмпіянату няма:

“Асаблівых зменаў у працы журналістаў не адбылося, можна адзначыць, што палепшыліся ўмовы для замежных карэспандэнтаў, якія маглі б уехаць у краіну без акрэдытацыі МЗС Беларусі, дастаткова было мець акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі хакея”.

Нагадаю, прэс-канферэнцыя была арганізаваная Хельсінскім фондам па правах чалавека, Інфармацыйным бюро салідарнасці з Беларуссю і Асацыяцыяй польскіх журналістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі