“Палец — гэта тое, што не згубіш і не забудзеш"
Нягледзячы на пратэсты бацькоў, брэсцкая гімназія з панядзелка пачне прапускаць дзяцей, скануючы адбіткі пальцаў. Пакуль у тэставым рэжыме.
Брэсцкая гімназія №4 запускае з 24 лістапада ў тэставым рэжыме новую сістэму бяспекі: на ўваходзе ў дзяцей будуць сканаваць адбіткі пальцаў. Адміністрацыя навучальнай установы запэўнівае, што гэтая мера дазволіць абмежаваць доступ непажаданых асоб. Напярэдадні новую сістэму ўжо апрабавалі: пальчыкі “знялі” ў 100 навучэнцаў. "Ноў-хаў" прыйшлося не даспадобы некаторым бацькам: 20 чалавек напісалі калектыўную скаргу кіраўніку Брэсцкага гарвыканкама і ў пракуратуру.
Дырэктар гімназіі Алена Шкулепа паведаміла Еўрарадыё, што нагоды для хваляванняў яна не бачыць, бо сканаванне пальцаў — пілотны праект, які ўведзены з верасня і ў некаторых іншых школах краіны.
Алена Шкулепа: "Разглядаліся розныя варыянты. Мы жывем у ХХІ стагоддзі, і сёння пытанне сканавання — гэта не "ноў-хаў", якое мы раптам прапанавалі тут. Гэта адзін з найбольш зручных варыянтаў, які мы разглядалі і з прадстаўнікамі кампаніі, якая ўсталёўвае сістэму. Як зручней: картка? Гэта ўсё ж такі дзеці, якія могуць карткі губляць, забываць. Палец — гэта тое, што не згубіш і не забудзеш".
Абуранасць некаторых бацькоў жанчыну здзіўляе, бо рашэнне аб новай сістэме бяспекі нібыта было прынятае адміністрацыяй разам з бацькамі. Гэта аспрэчвае маці аднаго з гімназістаў Ала, якая паміж іншым з'яўляецца сябрам апякунскага савета. Па яе словах, пра новаўвядзенне яна даведалася ад сына, калі таго ўжо “адсканавалі”.
"Са мной не абмяркоўвалі гэтую сістэму. Майго сына і мяне абразілі тым, што ў яго ўзялі адбіткі пальцаў без майго ведама. Мы ўсё роўна будзем стаяць на сваім: мы гэтага (новай сістэмы бяспекі — Еўрарадыё) не хочам! Мы будзем хадзіць у школу нават без карткі, бо ніхто не можа нам гэта забараніць", — кажа Ала.
Адміністрацыя ўстановы прапанавала кампраміс для незадаволеных: усталяваныя турнікеты прадугледжваюць пропуск і праз асабістую картку. Каштуе яна 20 тысяч рублёў, у 50 тысяч абыдзецца новая ў выпадку страты.
20 лістапада адбыўся адмысловы бацькоўскі сход для вырашэння канфліктных пытанняў. Ала распавядае, што на сходзе прысутнічаў нават супрацоўнік міліцыі — інспектар па справах непаўналетніх. Магчыма, для таго, каб растлумачыць плюсы інавацыйнай сістэмы бяспекі. Але прысутныя зацікавіліся зусім іншым пытаннем:
"Запыталі, ці былі парушаныя правы дзетак і ці з'яўляецца гэтае сканаванне дактыласкапіяй. Міліцыянер сказаў, што ён не ведае. Таксама запыталі, ці можна праводзіць гэтую працэдуру без згоды бацькоў. Ён таксама сказаў, што не ведае".
Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што адміністрацыя гімназіі не мае права запускаць новую сістэму пропуску без пісьмовай згоды бацькоў.
Раман Кісляк: "Гэта дактыласкапія. Для таго, каб запусціць такую сістэму трэба мець базу дадзеных. Нават калі скануюць адзін палец, атрымліваецца, што іх ідэнтыфікуюць. А ў дадзеным выпадку згоды дзяцей недастаткова. Дзеці не могуць поўнасцю супраціўляцца парушэнню іх правоў. Гэта кампетэнцыя бацькоў. У бацькоў абавязкова павінныя былі ўзяць дазвол — і не вусны, а пісьмовы".
Знайсці кампраміс з незадаволенымі бацькамі ў адміністрацыі гімназіі не атрымалася. Паралельна са скаргай да кіраўніцтва горада і праваахоўнікаў яны распачалі збор подпісаў за дэмантаж турнікетаў.
Аднак дырэктар гімназіі №4 Алена Шкулепа паведаміла Еўрарадыё, што рашэнне пра ўвядзенне новай сістэмы прынятае. Запрацуюць турнікеты ўжо ў пачатку наступнага тыдня.