Палітвязень Анджэй Пачобут атрымаў польскую праваабарончую прэмію
Анджэй Пачобут
Беларускі палітвязень, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут стаў лаўрэатам польскай праваабарончай прэміі, паведамляе Польскае радыё. 20-я цырымонія ўручэння прэміі імя Серджыа Віера ды Мелу — вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека прайшла ў Кракаве.
Прэмія была заснаваная ў 2003 годзе культурна-асветніцкім таварыствам "Віла Дэцыус". Яе прысуджаюць людзям і няўрадавым арганізацыям за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека, а таксама папулярызацыю ідэі мірнага суіснавання і супрацоўніцтва розных грамадстваў, рэлігій і культур.
Ад імя Пачобута прэмію атрымала старшыня праўлення Падляшскага аддзялення Wspólnota Polska Анна Кетлыньска. У сваёй прамове яна нагадала пра мужнасць палітвязня: "Не сакрэт, што яму прапаноўвалі вызваленне ў абмен на эміграцыю ў Польшчу, але ні на якія здзелкі з рэжымам Анджэй не пайшоў. Гэта прыклад чалавека, які не хістаецца нават перад абліччам сваіх катаў".
Анджэй Пачобут асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адзіны затрыманы па "справе палякаў", хто атрымаў рэальны тэрмін зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.