Парашэнка і Пуцін размаўлялі ў Мінску больш за дзве гадзіны
Позна ўвечары 26 жніўня ў Палацы Незалежнасці прайшла двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Украіны і Расіі.
Перад гэтым у беларускай сталіцы прайшоў саміт краін Мытнага саюза, Украіны і ЕС. У ім удзельнічалі кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гухт, еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў ды прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Асноўная тэма саміта — шляхі ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне.
Пасля асноўнай часткі мерапрыемства прайшлі двухбаковыя сустрэчы. Найбольшая цікавасць была да сустрэчы Парашэнкі і Пуціна. Пра яе вынікі вядома мала. Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на заяву міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, "дыскусія была вельмі складанай, але цікавай". Парашэнка і Пуцін абмеркавалі еўраінтэграцыю Украіны — балючае пытанне для Расіі, якая асцерагаецца страт для сваёй эканомікі ў памеры каля 100 млрд долараў.
Безумоўна, гаворка мусіла ісці і пра вайну на Данбасе. Пятро Парашэнка заяўляў напярэдадні саміта, што запатрабуе, каб Расія забрала адтуль сваіх баевікоў. Падрабязнасці сустрэчы прэзідэнтаў з'явяцца пазней.
Фота — Reuters