Пецярбургскі футбольны клуб “Зеніт” адмаўляе абвінавачванні ў расізме
Былы гулец каманды заявіў, што яго не выпускалі ў асноўным складзе з-за колеру скуры.
Расійскі футбольны клуб “Зеніт” з Санкт-Пецярбурга адпрэчвае абвінавачванні ў расізме, з якімі выступіў былы гулец каманды Браян Ідову. Футбаліст нігерыйскага паходжання нарадзіўся ў Пецярбургу, але на малой радзіме не прыжыўся — цяпер ён гуляе за пермскі “Амкар”.
Ідову заяўляе, што ў Зеніце яму дазвалялі толькі трэніравацца з моладзевым складам, а потым намякнулі, што ў галоўнай камандзе з такім колерам скуры няма чаго рабіць. Маўляў, фанаты клуба не любяць цемнаскурых футбалістаў і незахаволена прымаюць іх на стадыёне.
Спартовы дырэктар “Зеніта” Хенк ван Стээ заявіў, што футбаліст Ідову проста не адпавядае ўзроўню гульца расійскай прэм’ер-лігі, дый нават у складзе “Амкара” ён нячаста выходзяіць на поле. А гэтай камандзе пагражае вылет з Футбольнай нацыянальнай лігі.
ФІФА неаднаразова выказвала сваю заклапочанасць праявамі расізму на стадыёнах Расіі, якая рыхтуецца ў 2018 годзе прыняць чэмпіянат свету па футболе, паведамляе ВВС.
Фота: GLOBAL LOOK press