Перамогу на Канскім кінафэсце атрымаў фільм пра лесбійскае каханне (відэа)
"Залатую пальмавую галіну" 66-га Канскага кінафэсту заваяваў фільм Абдэльлаціфа Кешыша "Жыццё Адэль" пра лесбійскае каханне.
У міжнародны пракат фільм выйдзе пад назвай "Сіні — самы цёплы колер", перадае ВВС.
Карціна братоў Коэнаў "Унутры Льюіна Дэвіса" атрымала Гран-пры. Фільм распавядае пра фолк-спевака, які спрабуе прабіцца на вялікую сцэну.
Кітайскі фільм Цзя Чжанке "Дакрананне граху" быў адзначаны прызам за найлепшы сцэнар.
Прыз журы дастаўся японскай меладраме "Які бацька, такі і сын" рэжысёра Хіракадзу Карээда. Фільм апавядае пра дзве сем'і, чыіх дзяцей пераблыталі ў радзільні, і пра выбар, які ім належыць зрабіць, калі яны даведаюцца праўду.
Найлепшым акцёрам прызнаны ветэран амерыканскага кінематографа Брус Дэрн, які адыграў у фільме "Небраска". Найлепшай акторкай назвалі францужанку Берэніс Бежо. Яна грала ў фільме іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі "Мінулае".
Самы малады ўдзельнік асноўнага конкурсу, мексіканец Амата Эскалантэ, які зняў сацыяльную драму "Элі", прызнаны найлепшым рэжысёрам. Яго поўная гвалту карціна распавядае пра сапраўдную вайну, што разгортваецца паміж злачынцамі, якія займаюцца наркатрафікам, і ўладамі.
Канскі кінафэст праходзіў з 15 па 26 траўня. У асноўным конкурсе ўдзельнічалі 20 карцінаў. Іх лёс вырашала журы, узначаленае Стывенам Спілбергам.
На фота AFP — рэжысёр Абдэльлаціф Кешыш