Прадстаўнікі беларускіх баксёраў падалі пратэсты ў міжнародныя інстанцыі
Сяргея Хаміцкага скандальна знялі з паядынку супраць Штыгліца. А супернік Аляксандра Усцінава адмовіўся выходзіць на рынг за гадзіны да бою
Нагадаем, што ў суботу 26-га ліпеня два топавыя беларускія баксёры трапілі ў эпіцэнтр скандалаў, якія прагрымелі на ўвесь спартыўны свет.
39-гадовы Сяргей Хаміцкі (суперсярэдняя вага) сустракаўся ў тытульным двубоі з зорным Робертам Штыгліцам. У 9-м раўндзе беларус не аднойчы скалануў суперніка. А ў самым пачатку 10-га раўнда польскі рэферы нечакана спыніў бой… з-за адлепленага пластыра на пальчатках нашага байца. Больш за тое, Хаміцкаму, які пачаў збіваць немца, прысудзілі тэхнічны накаўт. Сітуацыя абмяркоўвалася на шматлікіх міжнародных інтэрнэт-рэсурсах і выклікала вострую крытыку.
Раім пачытаць: У баксёра Хаміцкага забралі тытул з-за адклеенага пластыра
“Канешне ж, мы падалі пратэст і зараз чакаем рашэння! Магчыма, ужо на наступным тыдні будзе новая інфармацыя”, ― паведаміў Еўрарадыё Валерый Капля, менеджар Беларускай федэрацыі прафесійнага бокса.
Гэты скандал здарыўся ў нямецкім Дэсау, а трансляцыя адбывалася на ўвесь свет.
У гэты ж дзень у Манчэстары беларускі цяжкавагавік Аляксандр Усцінаў трапіў у яшчэ больш абуральную сітуацыю. Ён мусіў выйсці на рынг супраць востраязыкага брытанца Тайсана Ф’юры, які не раз пагражаў зняць скальп з чэмпіёна свету Уладзіміра Клічко. У дзень бою з “Беларускім гігантам” Ф’юры нечакана адмовіўся выходзіць на рынг, спаслаўшыся… на хваробу дзядзі Х’ю. Прадстаўнікі брытанца падалі версію, што іх баксёр з-за шпіталізацыі сваяка не можа сканцэнтравацца на двубоі. Вядома і тое, што Ф’юры быў вельмі незадаволены тым, што ў супернікі яму высатвілі Усцінава.
Раім пачытаць: Самы скандальны баксёр свету зламаў руку ад беларуса
Саскок Ф’юры таксама шырока абмяркоўвалі ў прэсе і абвінавачвалі байца ў баязлівасці. Той жа чэмпіён свету Клічко, якога Ф’юры выклікаў на бой, выходзіў на бой праз тры дні пасля смерці трэнера.
Цікавімся ў Аляксандра Усцінава, ці атрымаў ён хаця б нейкую няўстойку за тое, што брытанец адмовіўся выходзіць на рынг.
“Пакуль нічога не было прапанавана, ― паведамляе Еўрарадыё баксёр. ― У гэтым будзе разбірацца Еўрапейская федэрацыя бокса. Туды быў напісаны ліст Аляксандрам Красюком (гендырэктарам кампаніі К2 Promotions, якая апекуе Усцінава, ― Еўрарадыё). Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Са мной гэта не ўпершыню, калі пасля ўзважвання супернік адмаўляецца выходзіць на рынг. У першы раз гэта здарылася, калі быў тытульны бой за Інтэркантынентальнага чэмпіёна Германіі. Кубінец пасля прэс-канферэнцыі проста адмовіўся выходзіць на рынг. Але тады арганізатары змаглі знайсці замену”.
Тым не менш Аляксандр Усцінаў і Сяргей Хаміцкі прашумелі на ўвесь свет і здабылі яшчэ большы аўтарытэт.
Найбліжэйшым часам на сайце Еўрарадыё з’явіцца гутарка з Усцінавым, які распавёў пра свае будучыя планы і тое, як у Брытаніі заўзятары паставіліся да ўцёкаў іх папулярнага байца.