Пяскоў — пра справу Сафіі Сапега: былі зробленыя ўсе магчымыя намаганні

Дзмітрый Пяскоў / ТАСС
Дзмітрый Пяскоў / ТАСС

Расія зрабіла ўсё магчымае, каб вызваліць Сафію Сапега, але гэтага аказалася недастаткова. Так прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў адмову беларускіх уладаў памілаваць расіянку.

Расійскае выданне "КоммерсантЪ" пацікавілася, чаму намаганняў расійскіх уладаў было недастаткова для памілавання Сапега і ці абавязаная яна адбываць пакаранне ў іншай краіне.

"Аказалася недастаткова, таму што гаворка ідзе пра суверэнную дзяржаву са сваімі законамі. Былі зробленыя ўсе магчымыя намаганні. Мы будзем працягваць адсочваць, як выконваюцца правы расійскай грамадзянкі", — адказаў журналістам Пяскоў.

Сафія Сапега была затрыманая ў траўні 2021 года разам з Раманам Пратасевічам падчас прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску. Яе асудзілі за адміністраванне тг-канала "Чорная кніга Беларусі" на шэсць гадоў. Сваякі кампенсавалі прысуджаныя ёй выплаты, і Сапега падала прашэнне аб памілаванні, аднак не атрымала яго.

31 студзеня намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс заявіла, што Сапега не трапляе пад крытэрыі памілавання, бо не адбыла яшчэ палову прысуджанага тэрміну.

Цяпер яе сям'я будзе прасіць, каб дзяўчыну адправілі адбываць пакаранне ў Расію. Раней Лукашэнка агучваў такую магчымасць.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі