Расследаванне крымінальнай справы Баўмгертнера падоўжылі на два месяцы
Мера стрымання расійскага менеджара застаецца ранейшай — хатні арышт.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на начальніка аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Паўла Травульку.
Адвакаты паведамілі журналістам, што на гэтым тыдні плануюцца следчыя дзеянні з удзелам абароны. Цяпер адвакаты знаёмяцца з дакументамі.
Нагадаем, 26 жніўня Следчы камітэт абвясціў аб расследаванні крымінальных спраў на шэраг менеджараў ЗАТ "Беларуская калійная кампанія". У той жа дзень у Мінску затрымалі старшыню назіральнай рады Уладзіслава Баўмгертнера, які прыляцеў у Мінск на запрашэнне беларускага прэм'ера Міхаіла Мясніковіча. Расійскага менеджара трымаюць у Мінску пад хатнім арыштам, астатнія фігуранты абвешчаныя ў вышук.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Баўмгертнера могуць перадаць Расіі пасля кампенсацыі шкоды. Памер шкоды беларускія следчыя органы ацанілі ў 100 мільёнаў долараў.
Фота — vedomosti.ru