Еўраcаюз і ЗША абураныя прысудам Саннікаву
"Гэты прысуд — помста рэжыму за смеласць", — гаворыцца ў заяве кіраўніка Еўрапарламента Ежы Бузека.
Еўрасаюз і ЗША выказалі сваё абурэнне рашэннем мінскага суда, які ў суботу прысудзіў 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву.
Як інфармуе Радыё Свабода, "рашуча асудзіла вынясенне прысуду паводле палітычных матываў былому кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву" высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан. Яна таксама занепакоеная і іншымі вынесенымі прысудамі. "Мы лічым, што палітычна матываваныя пераследы, арышты, затрыманні і суды над дэмакратычнай апазыцыяй, грамадзянскай супольнасцю і сродкамі масавай інфармацыі з'яўляюцца цалкам непрымальнымі", — перадае словы Эштан яе прэсавая сакратарка Мая Качыянчыч.
"Гэты прысуд — помста рэжыма за смеласць і адкрытасць. Андрэя Саннікава асудзілі таму, што ён адстойваў праўду і выступаў за дэмакратычнае будучае сваёй краіны", — гаворыцца ў заяве кіраўніка Еўрапарламента Ежы Бузека, якую цытуе РІА Новости.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў сваёй заяве, акрамя Саннікава, згадвае і іншых асуджаных па справе аб "масавых беспарадках" 19 снежня 2010 года.
"ЗША асуджаюць прысуд, вынесены 14 траўня кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву і іншым дэмакратычным актывістам у Беларусі. Мы лічым палітычнымі зняволенымі пяцёх кандыдытаў у прэзідэнты — Уладзіміра Некляева, Андрэя Саннікава, Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса і іншых актывістаў, арыштаваных і суджаных у сувязі з масавымі беспарадкамі 19 снежня. Агучаныя 14 траўня прысуды і судовыя разбіральніцтвы, якія працягваюцца, відавочна палітычна матываваныя", — гаворыцца ў заяве намесніка афіцыйнага прадстаўніка дзярждэпартамента ЗША Марка Тонера.
Сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з прысудам Саннікаву выказаў і МЗС Італіі.