Каб перадаць прэзідэнту "народную праўду", Някляеў мусіў мець даверанасць
Паштоўкі “Гавары праўду!” са скаргамі грамадзян у Адміністрацыі прэзідэнта не прынялі, а ў БРСМ такія ж паштоўкі ад актывістаў кампаніі прыняў галоўны вахцёр бу
Каля 50 паштовак ад людзей з усіх рэгіёнаў краіны з праўдай пра іх жыццё прынёс у панядзелак лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў у Адміністрацыю прэзідэнта. Як расказаў Еўрарадыё паэт, пошта адмаўляецца прымаць ад людзей гэтыя пасланні з-за іх зместу.
Уладзімір Някляеў: “У гэтых паштоўках, якія я выбраў, каб перадаць, найперш, праўда пра ўмовы, у якіх людзі жывуць. А іх у мяне яшчэ цэлы мех: толькі з аднаго дома ў Салігорску, дзе людзі жывуць нібыта ў доме, а насамрэч — на вуліцы, каля 30. З кожнай кватэры. Але пішуць людзі і пра тое, якія дарагія кошты, што ім не хапае ні пенсіі, ні зарплаты на тое, каб месяц пражыць. Вельмі шмат паштовак пра тое, што нешта трэба ў краіне змяніць. Каб тое, што яны бачаць па тэлебачанні, чуюць па радыё, чытаюць у газетах, хоць неяк суадносілася з рэальным жыццём, у якім яны існуюць”.
Някляева без перашкод прапусцілі ў прыёмную Адміністрацыі. Нават журналістам дазволілі зайсці ў будынак разам з паэтам. Праўда, толькі да турнікета-металашукальніка. Паэт жа пайшоў наперад — у аддзел па зваротам грамадзян. Але хутка вярнуўся назад — трымаючы ў руках ўсё тыя ж паштоўкі. Як патлумачыў загадчык аддзела Пётр Катушкін, які выйшаў следам за паэтам, прыёмная працуе толькі з асабістымі зваротамі грамадзян. Някляеў жа, нібыта, мусіў мець натарыяльна засведчаную даверанасць ад кожнага з аўтараў паштовак.
Еўрарадыё пацікавілася, як ў Адміністрацыі будуць прымаць паштоўкі, сабраныя БРСМ. Як вядома, гэтая арганізацыя зараз спрабуе перахапіць у Някляева ініцыятыву і праводзіць акцыю “Задай пытанне прэзідэнту”.
Еўрарадыё: “Яны што, таксама будуць з кожнага даверанасць браць?”
Пётр Катушкін: “Не, яны поштай будуць накіроўваць. Яны ніколі не прыносяць, яны поштай накіроўваюць — і ўсё!”
Не выходзячы з Адміністрацыі, Някляеў напісаў ліст на імя Лукашэнкі, дзе паскардзіўся на тое, што ў яго адмовіліся прыняць паштоўкі са зваротамі грамадзян да кіраўніка краіны. І патлумачыў, што зараз будзе рабіць з непрынятымі паштоўкамі.
Уладзімір Някляеў: “З імі паедзем туды, дзе людзі іх пісалі, я іх пакажу і скажу, што я з імі хадзіў, і ўсё раскажу, як было. Гэтыя ж паштоўкі мы дашлем заказнымі лістамі — на іх з пошты будзе квіток, і на іх не маюць права не адказваць”.
Амаль адначасова група актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” на чале з лідэрам “Моладзі АГП” Міхасём Пашкевічам спрабавалі перадаць частку паштовак кіраўніцтву БРСМ. У адрозненне ад Адміністрацыі прэзідэнта, дзе Някляева і журналістаў сустрэлі толькі некалькі чалавек са службы аховы прэзідэнта і два АМАПаўца, каля будынка “моладзевых лідэраў” дзяжурылі як звычайныя міліцыянты, так і прадстаўнікі спецслужб у цывільным і невядомыя "качкі" ў кітайскіх спартовых касцюмах.
Актывісты кампаніі далей за вахцёра не здолелі прайсці. А паштоўкі, паводле словаў Міхася Пашкевіча, у іх прыняў галоўны вахцёр будынку.
Міхась Пашкевіч: “Былы загадчык гаспадаркі ЦК камсамола прыняў гэтыя паштоўкі. Але ні сакратар ЦК БРСМ, ні хтосьці з іх кіраўніцтва не пажадаў да нас спусціцца. Чаго гэтыя людзі баяцца — я не ведаю”.
У той жа час Пашкевіч выказаў спадзяванне, што вахцёр гэтыя паштоўкі не выкіне. Найхутчэй, кажа, іх адразу перададуць у будынак па суседстве — Адміністрацыю прэзідэнта.
Сам Някляеў не здзівіўся такому развіццю сённяшніх падзей.
Уладзімір Някляеў: “Кожная акцыя нашай кампаніі ад самага пачатку праходзіла з супрацівам уладаў. Затрымліваліся нашыя валанцёры, арыштоўвалася друкаваная прадукцыя, знішчаліся на поштах паштоўкі. Паўсюль, дзе народ спрабуе напісаць прэзідэнту праўду, яму чыняцца перашкоды”.
Таму грамадскі лідэр робіць выснову, што ўсе дзяржаўныя службы арганізавана выступаюць супраць праўды.
Фота: Змітра Лукашука