Рыгора Кастусёва перавялі ў калонію "Воўчыя норы"
Рыгор Кастусёў / БЕЛТА
Лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі ў калонію "Воўчыя норы". Пра гэта піша "Народная воля" са спасылкай на зяця Кастусёва Дзмітрыя Антончыка.
Выданне нагадвае, што папраўчая калонія №22 у Івацэвічах вядомая даволі жорсткім стаўленнем да зняволеных. У гэтай калоніі цяпер знаходзіцца каля паўсотні палітвязьняў, у тым ліку і сябры Партыі БНФ Уладзімір Малахоўскі і Павел Юхневіч.
Кастусёва асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Сваю віну ён не прызнаў. У судзе сказаў, што ўдзельнічаў у зум-канферэнцыях з іншымі фігурантамі гэтай крымінальнай справы — палітолагам Аляксандрам Фядутам і юрыстам Юрыем Зянковічам — толькі для таго, каб знайсці выхад з санкцыйнага ціску на краіну.
У зняволенні ў Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем. У яго выявілі анкалагічнае захворванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.