Саннікава асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму

 

14 траўня

 

Суд пастанавіў, што Саннікаў кіраваў "масавымі беспарадкамі": загадзя падрыхтаваў мерапрыемствы, спланаваў іх і паведаміў грамадзянам пра вынікі нібыта праведзеных экзіт-пулаў. Потым разам са Статкевічам узначаліў натоўп з некалькіх тысяч чалавек і прайшоў да Дома ўраду. Была парушаная дзейнасць некалькіх прадпрыемстваў. Кароткую выніковую частку прысуду Саннікаву чыталі больш за гадзіну.

Астатніх звінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

У судзе працэс цягнуўся 10 дзён.

 

17.10 Выніковая частка гучыць ужо больш за гадзіну. Саннікава вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў, астатніх — ва ўдзеле ў беспарадках.

 

16.00 На абвяшчэнне прысуду прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек: сваякі, дыпламаты, праваабаронцы, журналісты. Маці Фёдара Мірзаянава не пусцілі на абвяшчэнне прысуду сыну, перадае Радыё "Свабода".

 

 

 

13 траўня 

 

14.18 Прысуд абвесцяць 14 траўня а 16-й гадзіне.


14.15 Апошняе слова Саннікава перадае Радыё "Свабода": "Падзеі 19 снежня і гэты працэс я разглядаю як праяву страху ўлады перад непазбежнымі пераменамі. Гэта помста за смеласьць і адкрытасць.


У адносінах да мяне гэтая яшчэ і палітычная расправа над кандыдатам у прэзідэнты, які склаў яму рэальную канкурэнцыю і выказаў гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за краіну. Быў і застаюся прыхільнікам дзеянняў па змене сітуацыі ў краіне, але не гвалтоўных дзеянняў.


Усё, што адбываецца — гэта прадуманая правакацыя ўлады. На гэта ўказваюць заявы Лукашэнкі, які казаў што пасля выбараў з усімі разбярэцца.


У гэтай справе няма ніводнага доказу масавых беспарадкаў, нягледзячы на тое, што праслушка ў адносінах мяне праводзілася з лета 2010 года".

 

14.12 Гучыць апошняе слова Яроменка: "Ужо 16 год у Беларусі пануе адзін чалавек. Ужо 16 год у Беларусі знішчаецца мова. 16 год у краіне няма свабоды слова. Менавіта таму я выйшаў на Плошчу.


Любы рэжым калі-небудзь скончыцца, у тым ліку і беларускі. Я не шкадую, што ўдзельнічаў у Плошчы. Жыве Беларусь!"

 

12.49 Апошняе слова Васілевіча пераказвае Радыё "Свабода": "Я не далучаўся да хуліганскага натоўпу. Я далучыўся да беларускіх выбаршчыкаў. Рэальнага супраціву ўладам не было. Не рабіў я ніякіх дзеянняў, каб пранікнуць у Дом ураду. Нічога не знішчаў. Я толькі збіў аскепак шкла. Я ня ўзламваў дзьверы. Не было такога, што натоўп пераўтварыўся ў адзіную разбуральную сілу, які пішацца ў абвінавачанні".

 

12.46 Абвінавачаныя пачалі прамаўляць апошняе слова, перадае Радыё "Свабода"


Мірзаянаў заявіў, што гэта для яго асабістая трагедыя, страта веры ў праўду і законнасць у нашай краіне. "19 снежня я пайшоў на Плошчу, каб дамагацца справядлівасці, эканамічнага росту. Я хацеў падтрымаць свайго кандыдата Раманчука. Але выявілася, што я не магу свабодна выказваць сваё меркаванне ў сваёй краіне. Я бачыў як жорстка быў разагнаны мітынг, білі мірных людзей". 


"25 студзеня мяне выклікалі і запатрабавалі ад мяне нейкіх незразумелых паказанняў. Я адмовіўся. Тады мяне арыштавалі. Потым я падумаў што спадар пракурор разьбярэцца… Я прашу суд толькі аб адным: вынесіце справядлівы вырак".

 

12:25 Выступае іншы абаронца Саннікава Варвашэвіч. Адвакат перакананы, што ў ходзе следства не даказаны сам факт масавых беспарадкаў. Для кваліфікацыі падзей як "масавыя беспарадкі", трэба высветліць, колькі людзей у іх прымала ўдзел, якая тэрыторыя была імі ахопленая. Звесткі пра колькасць асобаў, якія прымалі ўдзел у беспарадках, у матэрыялах адсутнічаюць. Лічыць удзельнікамі беспарадкаў ўсіх мітынгоўцаў нельга.

 

12:14 Выступае абаронца Саннікава Кавалеўская, піша nn.by. Нагадвае біяграфію Саннікава. Скончыў з залатым медалём школу, перакладчыцкі факультэт Інстытута замежных моваў, працаваў на дыпламатычнай службе, быў намеснікам кіраўніка МЗС. У 2006 годзе падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму пра змену Канстытуцыі. Займаўся пытаннямі міжнароднай бяспекі, удзельнічаў у перамовах пра раззбраенне, пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі. Мае высокапрафесійную кваліфікацыю, аўтарытэт у вачах спецыялістаў сусветнага ўзроўню, выключна прыстойны і паслядоўны чалавек, з павагай адносіцца да закону і дзяржаўных інстытутаў.


Цяпер па волі суда і следcтва ягоная сям'я знаходзіцца ў жудасных маральных умовах, у стане страху.


Сёння на лаўцы падсудных чалавек з дзяржаўным мысленнем, чыя высокая кваліфікацыя і аўтарытэт маглі б быць запатрабаваныя на карысць Беларусі.


У зале загучалі апладысменты. 

 

11.36 Выступае адвакат Гнедчыка Іванова, перадае Радыё "Свабода". Яна заявіла пра неадпаведнасці ў розных дакументах па абвінавачанні Гнедчыка. Кажа, што пратаколы агляду Плошчы, а іх было 3, супярэчаць адзін аднаму.


У першы раз было знойдзена некалькі сурвэтак і бутэлька, у часе трэцяга агляду пасля 15 гадзін па падзеях, – усе гэтыя каністры, арматуры, сякеры. Няма падставаў давяраць таму, што гэтыя прадметы былі на Плошчы ў момант падзей.


Што да відэазапісаў, то яны былі атрыманыя з парушэннем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заявіла адвакат.

 

11:41 Выступае абаронца Яроменка Мушынская. Яна кажа, што 2 манціроўкі Яроменак выкінуў да 19 снежня – гэта сведчыць, што ён не меў намеру браць удзелу ў масавых беспарадках.


Мушынская лічыць, што на Плошчы ніхто не рабіў падпалаў і пагромаў, у тым ліку і Яроменак. У натоўпе не было ні сякераў, ні лёдарубаў, перадае nn.by.


Былі пашкоджаныя, а не знішчаныя дзьверы – гэта дапушчальна пры любых масавых акцыях, як санкцыянаваных, гэтак і не. Адвакат пытае, чаму адразу не былі спыненыя дзеянні хуліганаў? Сведка Кашталанаў сказаў, што ў іх былі іншыя задачы. "Мне гэта не зразумела, але як кажуць, пераможцаў ня судзяць".

11.07 Выступае адвакат Васілевіча Белая. Яна таксама перакананая, што судом не даведзеная віна ўдзелу ў масавых беспарадках Васілевіча.

 

Аналізуючы доказы, вывучаныя ў судзе, адвакат заявіла, што падзеі 19 снежня нельга лічыць масавымі беспарадкамі, бо інцыдэнт ля Дому ўраду насіў лакальны характар, зазначае Радыё "Свабода". Невялікая група асобаў пабіла шыбы ў Доме ўраду, гэта рабіла чалавек 5, а астанія дзясяткі тысячаў нічога такога не рабілі. Ніякіх бясчынстваў і масавых беспарадкаў не было.


Калі б увесь натоўп біў шыбы, то ён разбіў бы ўсё і прарваў бы ланцугі міліцыі.

 

10.56 Выступае адвакат Галіеў. Ён перакананы, што склад злачынства па артыкуле "масавыя беспарадкі" не даказаны — не было падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву прадстаўнікам улады. Доказы на гэты конт здабытыя не былі. А гвалт над асобай быў з боку пацярпелых спецназаўцаў — прычым неабгрунавана жорсткі.


10.51 Як перадае Радыё "Свабода", пракурор запатрабаваў пакараць:


Андрэя Саннікава — 7 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму,

Ільлю Васілевіча -— 3 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму,

Алега Гнедчыка — 4 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму,

Фёдара Мірзаянава — 3 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму,

Уладзіміра Яроменка — 3 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.


У прыватнасці, пракурор зазначыў: Яроменак прызнаў сваю віну і пацвердзіў, што перад плошчай купіў 2 манціроўкі; Гнедчык прызнаў сваю віну часткова, прызнаў, што нанёс каля 3 удараў. Васілевіч віну не прызнаў; Мірзаянаў віну не прызнаў цалкам; Саннікаў віну сваю не прызнаў, але прызнаў, што цягам кампаніі заклікаў людзей на Плошчу, выказваў патрабаванні аб правядзенні перамоваў і падыходзіў да Дому ўраду, а таксама заклікаў грамадзянаў не падавацца на правакацыі.

 

10.03 Аднавіўся працэс. Выступае дзяржаўны абвінаваўца, які коратка паўтарыў абвінавачанне: Саннікаў кіраваў масавымі беспарадкамі, заклікаў да Плошчы, сцвярджаў пра недэмакратычнасць выбараў, інфармуе Радыё "Свабода"


"Працягваючы свае злачыныя дзеянні", выказваў "заведама ілжывыя" звесткі пра нелегітымнасць дзейнай улады, учыніў дзеянні, накіраваныя на захоп будынку органу ўлады. 

 

12 траўня

 

16.26 Саннікаў расказвае пра катаванні ў СІЗА КДБ:

 

"Ставяць на расцяжку. У халодным памяшканьні могуць пратрымаць доўгі час, прымушалі прысядаць, хаця я казаў, што ў мяне траўмаваная нага. Гэта не дзейнічала. Потым дазваляюць апрануцца. І гэта адбываецца ў прысутнасці людзей ў масках, якія калоцяць у сцены, крычаць нечалавечымі галасамі. Я быў пазбаўлены права на ліставанне цягам месяца. Не атрымліваў лісты ад родных. 


Людзі ў масках, яія былі добра абучаныя, аказвалі псіхалагічны ціск крыкамі і грукатам, дазвалялі ўдары па нагах.


Мяне ўвесь час вадзілі ў кайданках, і можна вадзіць па-рознаму ў кайданках. Дэманстравалі жорсткае абыходжанне. Я раблю цяпер гэтую заяву, бо ў пракурора ўзніклі пытанні адносна паказанняў на допытах. Я напісаў у турме КДБ пра катаванні і атрымаў за гэта.


Я находзіўся у скоцкім стане пад нарамі, з дрэнным адчуваннем, хворай нагой".


Саннікаў, кажа, што калі яму выставілі абвінавачанне, то ён даведаўся, што недзе побач у камеры знаходзіцца мая жонка. Даведаўся, што яго сына хацелі выкрасці: "Мне было сказана: калі я хачу дапамагчы жонцы, то павінен даваць патрэбныя паказаньні. У мяне адбылася прымусовая гутарка са старшынём КДБ Зайцавым, які пагражаў жыццю і здароўю маёй жонцы і дзіцяці. Калі я адмаўляўся пацвярджаць ману, якую мне прапаноўвалі, Зайцаў мне сказаў, што да маёй жонкі і дзіцяці будуць прынятыя больш жорсткія меры. Я разгубіўся ад такога, бо чалавек, які знаходзіцца на такой пасадзе, не павінен гучаць як крымінальны аўтарытэт. Я ўспрыняў сур'ёзна гэтыя словы і зразумеў, што насамрэч ад мяне залежыць жыццё жонкі і сына, бо жонка была ў гэтай турме".


Па словах Саннікава, оперупаўнаважаны Фяцісаў паведаміў, як ён павінен асвятліць тыя ці іншыя тэмы: "Быў складзены падрабязн план майго допыту і папярэдзіў, што спасылкі на Канстытуцыю, што я адмаўляюся ад паказаньняў, не будуць прымацца.


У мяне моцна забалела печань перад першым допытам. Але я баяўся, што не магу даць паказанні, які дапамогуць жонцы. Мне было адмоўлена ў абароне".


Адвакату на допытах адводзілася роля статыста, кажа палітвязень. Забаранялі нават глядзець на адваката. На ўсіх допытах у мяне было дрэннае самапачуванне, але я не адмаўляўся даваць паказанні. Падчас усіх допытаў быў фізічны і псіхалагічны ціск.


Таму я раблю гэтую заяву і кажу, што паказанні, якія даваў на допытах, не поўнасцю адпавядаюць рэчаіснасці.


Мяне змясьцілі моцна збітага. Не давалі выйсці ў прыбіральню. Змясцілі ў камеру без месца. Хаця я быў з хворай нагой. Было халодна. Загадалі ляжаць тварам да дзённага святла. Калі паварочваўся, прымушалі легчы ў тую ж позу".

 

15.00 У судзе пракурор зноў пачаў зачытваць пратакол праслухоўваньня тэлефонных перамоваў Саннікава. Палітык катэагрычна супраць такіх праслухоўванняў.


Суддзя вырашыла: дзеля аховы таямніцы, сыходзячы з таго, што Саннікаў "супраць", матэрыялы будуць даследавацца ў закрытым працэсе, перадае Радыё "Свабода".

 

 

14.10 Па абедзе аднавіўся працэс. Саннікаў перад пачаткам працэсу папрасіў суддзю ўлічваць ягоныя праблемы са здароўем, што яму цяжка працаваць у напружаным графіку, асабліва пасля 17 гадзінаў. Як перадае Радыё "Свабода", Саннікаў кажа, што не хоча падаваць хадайніцтва, але заклікае суд да гуманізму.
Пракурор зачытвае шэраг цытатаў з выступаў Саннікава, Статкевіча, Уса, Рымашэўскага і іншых на чарговым відэароліку. 


Размова кандыдатаў з міліцыянтам, які просіць калону прайсці на ходнік.

 

12.00 Суд не задаволіў хадайніцтва абароны, каб правесці экспэртызу дыска з відэа. Абарона прасіла парверыць наяўнасць мантажу відэа і ўстанавіць колькасць асобаў, якія вялі здымкі.

 

11.40 Прадстаўнік беларускага МЗС, які быў на працэсе, падчас працэсу сыйшоў, але пакінуў свой тэлефон у зале на лаўцы. Гэта заўважыла праваабаронца Алена Танкачова і папрасіла міліцыянтаў яго прыбраць. Тэлефон прыбралі, перадае Радыё "Свабода".

 

10.58 Працягваецца прагляд відэа, як па праспекце Незалежнасці рухаецца калона. 


Суддзя просіць удакладніць, якія былі падставы для перамяшчэння з плошчы Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасці.


Саннікаў кажа, што не было аднаго плану, кандыдаты агучвалі розныя падыходы і сцэнары. Матывы перамяшчэння былі - воля ўдзельнікаў Плошчы. Фактары, якія паўплывалі, - немагчымасьць знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы такой вялікай колькасці народу, бо працаваў каток і супрацоўнікі міліцыі не рабілі ніякіх захадаў, каб арганізаваць бяспеку. Другі фактар - гучная дыскатэка на плошчы. Трэці – людзі, якія падыходзілі з боку вуліцы Энгельса, убачылі, што плошча была запоўнена, і пайшлі на плошчу Незалежнасці. Адсутнасць бяспекі знаходжання на плошчы і была асноўным матывам рухацца, перадае Радыё "Свабода".


Саннікаў кажа, што дайшла інфармацыя, што ў Палацы прафсаюзаў знаходзіцца вялікая колькасць спецназу, гатовага пачаць разгром мірнай акцыі.

 

10.15 Аднавіўся судовы працэс. Ідзе прагляд відэаматэрыялаў, перадае Радыё "Свабода".


На відэа - размова Халіп з супрацоўнікам ДПС. Саннікаў кажа: пойдзем на перамовы ў Дом ураду. Саннікаў на ганку Дома ўраду, ніякіх фразаў не гаворыць. Падход Саннікава і Халіп да Дома ўраду. Саннікаў нічога не гаворыць. Калі ён узыходзіць на ганак, чуецца звон разбітага шкла.

 

"Мы не павінны глядзець толькі тое, што абвінавачвае, але і тое, што апраўдвае", — перадае nn.by словы адваката Варвашэвіча. Ён патрабуе, каб відэа ішло цалкам, а не ўрыўкамі. Суддзя вырашае задаволіць гэтае хадайніцтва.

 

11 траўня

 

17.28 Абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў 12 траўня.


Саннікаў заявіў, што яму патрэбная медычная дыпамога — у яго абвастрылася падагра. Ён таксама паведаміў, што прасіў пра дапамогу медыкаў раней, але яго просьбу не задаволілі, інфармуе Радыё "Свабода".

 

16.58 Саннікаў папрасіў абвесціць перапынак, бо кепска пачуваецца. Аднак суддзя сказала, што разгледзіць хадайніцтва пасля прагляду чарговай серыі відэазапісаў, перадае Радыё "Свабода". Пачалі глядзець відэа, у тым ліку з Плошчы.

 

15.50 Вывучаюць рэчавыя доказы, якія прадстаўляе пракурор: стратэгія перамогі, яе рэалізацыя, бюджэт. Саннікаў кажа, што раней не быў знаёмы з гэтымі дакументамі і флэшкі яму не належаць. 


Пракурор паказвае матэрыялы пра кампанію "Еўрапейская Беларусь", пра "Хартыю-97" і іншыя. Адна з прысутных у зале просіць пракурора больш выразна гаварыць. Але суддзя зрабіла заўвагу жанчыне і папярэдзіла, што наступным разам яе выдаліць з залы, перадае Радыё "Свабода"


Абвінавачаньне — як сметнік, кажа Шушкевіч прысутным так, што яго добра чуваць у зале. Ён кажа, што распавядзе пра гэта заўтра ў Вільні. Кажа, што абвінавачанню няма чаго паказаць. 

 

15.15 Івашкевіч заяўляе, што гвалтоўных дзеянняў не планавалася. Саннікаў не даваў ніякіх указанняў перад сустрэчай з выбарцамі ў Оршы. Кажа, што ідзе вайна ўлады са сваім народам, інфармуе Радыё "Свабода".

 

14.55 Паказалі выступ Івашкевіча перад выбарцамі: выходзім на плошчу, каб нашае патрабаванне было пачутае. Суд вырашыў дапытаць сведку Івашкевіча, інфармуе Радыё "Свабода".

 

У адвакатаў на стале "Народная воля", яны яе праглядалі перад пачаткам працэсу ў зале суда. У зале прысутнічае Станіслаў Шушкевіч. Міліцыянт папярэдзіў яго, што нельга фатаграфаваць.

 

13.45. Як распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё Аляксандр, сябра ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава падчас выбараў, Саннікаў сёння з-за кратаў у зале суда выказаў падтрымку недзяржаўным газетам "Наша ніва" і "Народная воля", якія апынуліся на мяжы закрыцця. Саннікаў устаў і, прыціснуўшы да грудзёй газеты "Народная воля" і "Наша ніва", сціснуў кулак. "Пазней адвакат пераказаў яго словы: Андрэй Саннікаў прасіў пераказаць словы падтрымкі гэтым двум газетам", — кажа Аляксандр.

 

12.40 Пачаўся прагляд відэаматэрыялаў. На відэа прамаўляе Саннікаў. Распавядае пра сваю перадвыбарчую праграму: пра інтэграцыю ў ЕС, пра дачыненні з Расіяй, прыватызацыю, пра дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі і пра "чарнобыльскую" праграму.


Трэба зьмяніць гэтую ўладу, якая захапіла ўсю краіну, увесь народ і здзекуецца з гэтага народа. Мы, як ніколі, блізкія для гэтай мэты, перадае Радыё "Свабода" словы Саннікава.

 

12.27 Закрыты разгляд прыватных размоваў Саннікава скончаны. У залу запусцілі прысутных на працэсе, перадае Радыё "Свабода".

 

11.30 У закрытым працэсе абвешчаны перапынак. Адвакаты нічога не кажуць журналістам, інфармуе Радыё "Свабода".


Перапынак абвешчаны, бо адна з размоваў Саннікава, якая фігуруе ў справах, не расшыфраваная цалкам і там не зразумела, пра што ідзе гаворка. Адвакаты папрасілі правесці фанаскапічную экспертызу і даслоўна аднавіць размову.

 

10.50 Саннікаў выступіў катэгарычна супраць разгляду DVD-дыска з матэрыяламі праслухоўвання яго тэлефонных гутарак. 


На думку Саннікава, праслухоўванне яго тэлефонаў вялося незаконна, без санкцыі пракурора, і парушыла яго канстытуцыйныя правы. У адказ пракурор прапанаваў разгледзець дыск на закрытым судовым паседжанні, аднак супраць гэтага таксама выступілі абаронцы Саннікава. Яны лічаць, што гэты дыск наогул не мае ніякага стаўлення да справы і доказы атрыманыя з парушэннем працэсуальных нормаў. 


Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё адзін з прысутных на працэсе, суд выдаліў усіх з залы суда і вырашыў праслухоўваць тэлефонныя размовы Саннікава на закрытым паседжанні. 

 

10.15 На восьмы дзень працэсу на судзе напалову пустая зала, паведамляе Радыё "Свабода". Маці і дзядзьку Мірзаянава зноў не пусцілі ў залу. Сведкі пакуль не з'явіліся. Разглядаюцца рэчавыя доказы.

 

10 траўня

 

18.00 Абвешчаны перапынак да 10 гадзіны 11 траўня.

 

17:15 Падсудны Гнедчык пазнаў сябе на відэа. Адвакат звяртае ўвагу, што Яроменак паказаны толькі ў натоўпе, як ён нешта б'е, не паказана. Адвакаты звяртаюць увагу на тое, што ніхто з праваахоўных органаў не спыняў біццё шыбаў, толькі рабілі відэазапіс. Спрабаваў спыніць толькі Рымашэўскі. Саннікаў паведаміў, што ён рабіў спробы спыніць біццё шыбаў, звяртаўся праз гукаўзмацняльную апаратуру, перадае Радыё "Свабода".

 

16.25 Суд перайшоў да разгляду відэазапісаў па справе, паведамляе Радыё "Свабода". Тэлевізар павернуты да залы тылам. Відэа могуць бачыць толькі ўдзельнікі працэсу.

 

16:00 Сведка Галіна Юрына прыйшла з сіняй стужкай на кофце - сімвал кампаніі Саннікава. Галіна Юрына разам з Саннікавым была ўдзельніцай стварэння Хартыі-97, адзначае Радыё "Свабода".


Юрына: "Настрой быў у людзей узнёслы - захапленне, што нас столькі, гэта было адчуванне свята, ніякай агрэсіі, ніякай злосці. Калі ўсё скончылася, я аб'ехала Плошчу разоў пяць. Там не было ніякіх каністраў і ледасекаў". 

 

15:35 Як сьведка ў судзе выступае былы міністар абароны Павал Казлоўскі, давераная асоба Саннікава. Кажа, што ведае Саннікава з 1991 года, разам працавалі ў камісіі па стварэнні Беларускага Войска. Казлоўскі ўзначальваў камісію, а Саннікаў прадстаўляў у ёй МЗС. Разам з Саннікавым Казлоўскі ўдзельнічаў у перамовах аб падзеле савецкіх Узброеных Сіл, аб вывадзе ядзернай зброі.


Казлоўскі: "Мы вялі з Саннікавым размовы аб тым, што ніякага гвалтоўнага развіцця падзеяў быць не можа. Ён не заклікаў людзей да гвалтоўнага звяржэння ўлады. Каманда Саннікава працавала паводле Выбарчага кодэксу".

 

14.50 Дапытваюць сведку Паўла Сяргея з Маладэчна. Гэта студэнт, знаёмы з падсудным Яроменкам. 19 снежня Сяргей удзельнічаў у шэсці на Плошчу ад вакзала, перадае Радыё "Свабода". "На Кастрычніцкай плошчы выступалі ў ўсе кандыдаты, апрача Лукашэнкі і Цярэшчанкі", - кажа Сяргей. - "Патрабавалі другога туру выбараў".


14.30 Выступіў сведка спецназавец Далідовіч. Ён кажа, што дэманстранты ў спэцназ кідалі сьнежкі, вудамі білі па шлемах, выказваліся. І яго ўдарылі, падняўшы забрала шлема. 

 

14:16 Пасля абеду працэс аднавіўся. З’явіўся яшчэ адзін пацярпелы, а таксама сведка. Заяўлены два сведкі з боку абароны, інфармуе nn.by.


Фёдар Мірзаянаў заявіў хадайніцтва, каб на судзе дазволілі прысутнічаць яго маці і сваякам, выдаленым раней. "Мае сябры не могуць трапіць у залу, бо нейкія падонкі займаюць тры апошнія шэрагі", — заявіў Мірзаянаў. Суддзя Чацвярткова вынесла яму папярэджанне, але не дазволіла маці Мірзаянава больш прысутнічаць на працэсе.

 

12.50 Выступіў праваабаронца Алег Воўчак, сябра ініцыятыўнай групы Саннікава. 


Воўчак як былы воін-аўганец, які прайшоў спецпадрыхтоўку, зазначыў, што хлопцы, якія білі шкло, рабілі натрэніраваныя ўдары рукамі і нагамі. Міліцыя, маўляў, адмовілася затрымліваць хуліганаў і не спынілі біццё шыбаў, перадае Радыё "Свабода"


Таксама Воўчак кажа, што міліцыянты ў момант жорсткага разгону дэманстрацыі маглі нанесці траўмы і сваім калегам. Людзі не супраціўляліся, добра трымалі сябе ў руках. Воўчак просіць суд далучыць да справы прамежкавую справаздачу АБСЕ аб парушэннях на выбарах.


12.00 Суддзя задаволіла хадайнітцва Танкачовай і далучыла да матэрыялаў справы нядаўнюю справаздачу Міжнароднай назіральнай місіі аб падзеях 19 снежня. У справаздачы эксперты адзначаюць, што сход грамадзянаў 19 снежня быў мірным: "Асобныя грамадзяне выйшлі за рамкі закону і зьдзейсьнілі дзеяньні , якія падлягаюць пэўнай ацэнцы. Але гэта не дае падставаў назваць усе падзеі масавымі беспарадкамі, паколькі ў гэтым падзеях брала ўдзел нязначная колькасьць асоб".

 

11.35 Як сведка выступае праваабаронца Алена Танкачова. Яна паведаміла, што 19 снежня была Кастрычніцкай плошчы, на "мірнай акцыі грамадзян", перадае Радыё "Свабода"


Людзі выйшлі на праспект, бо далей на плошчы немагчыма было праводзіць мітынг. У момант выхаду грамадзян на праспект кандыдаты знаходзіліся каля Палацу культуры прафсаюзаў, у галаве калоны яны не ішлі... Саннікаў ішоў у сярэдзіне калоны. "Гэта была відавочна мірная акцыя. Без агрэсіі, вельмі акуратная. Калі на ўзроўні КДБ малады чалавек зняў сьцягі, яго з натоўпу папрасілі спыніць гэта. Людзі былі радыя ўдзельнічаць у мірнай акцыі", - кажа Танкачова.


"Плошча Незалежнасці была цалкам запоўненая людзьмі. На мітынгу казалі аб перамовах з прадстаўнікамі ўраду - размова ішла аб спробе звароту да ўлады з мэтай правядзення перамоваў. Здзіўляла тое, што Дом ураду не быў ачэплены міліцыяй". 


Па словах Танкачовай. людзі нэгатыўна рэагавалі, калі невядомыя пачалі біць шыбы Дома ўраду: "Дзеянні міліцыі былі не скіраваныя на лакалізацыю падзеяў на ганку Дома ўраду, а на падаўленне дэманстрацыі, фізічны гвалт да яе ўдзельнікаў".

 

10.40 Судмедэксперт Вікторыя Маркуш паведаміла, што пацярпелы спецназавец Кашталанаў не прыходзіў на экспертызу, перадае Радыё "Свабода"


Сведка Юры Каралькоў, старшы інспектар ГУУС Мінску, на Плошчы незалежнасці праз гукаўзмацняльнік агучваў, што мітынг забаронены і заклікаў разысціся, іначай будзе прымененая фізічная сіла. Каралькоў кажа, што прачытаў тэкст 10 разоў, пасля чаго яму загадалі пакінуць Плошчу незалежнасці. Калі ён ад'язджаў, то нічога не бачыў, бо лабавое шкло было завешана бела-чырвона-белым сцягам. Сведка кажа, што гэтая абвестка агучвалася "максімум" 5 хвілін. 

 

10.05 Працэс адноўлены. Сёння будуць заслуханыя паказанні сведкаў. Абарона хацела выклікаць Карзюка, Бандарэнку і Халіп у якасці сведкаў, але суддзя адмовіла. Сярод заяўленых на сёння сведкаў праваабаронцы Алена Танкачова і Алег Волчак.


У залу суда не пусцілі сваякоў Фёдара Мірзаянава — маці Людмілу Мірзаянаву і дзядзьку Сяргея Аніську. Як нагадвае Радыё "Свабода", 6 траўня суддзя выдаліла іх з залы. Тады яны гучна абурыліся фальшывымі, на іх думку, сведчаннямі спецназаўцаў.

 

6 траўня


18.40 Абвешчаны перапынак да 10 траўня. Паcеджанне адновіцца а 10-й. Адвакаты заявілі хадайніцтва пра дадатковы допыт Ірыны Халіп і Змітра Бандарэнкі. Пытанне пра магчымасць задавальнення хадайніцтва будзе разгледжана 10 траўня, паведамляе "Наша Ніва".

 

17:30 Біцьцё шкла пачалося, калі людзі толькі пачалі падыходзіць да помніка Леніну, ужо нехта гэта рабіў. "Гэта неяк дзіўна рабілася", – кажа сведка."На ганку Дома ўраду стаяла некалькі невядомых людзей, акружаныя з усіх бакоў відэакамэрамі, і білі шыбы", – кажа Кабанчук, паведамляе Радыё Свабода.

"Была вусная дамоўленасць паміж кандыдатамі, што рашэнне аб сцэнары плошчы будзе прымацца на самой плошчы. Заклікаў да пагромаў, падпалаў, захопу дома ўраду не было".

 

17:15 У судзе працягваюць выступаць сведкі. Інcпектар ДАІ Іван Шульжыц кажа, што не бачыў у руках мітынгоўцаў ніякіх прадметаў, апрача сцягоў. Не чуў ён і папярэджанняў, што акцыя не дазволеная. Агрэсіі людзей ён не заўважыў, адзначае Радыё "Свабода".


Наступны сведка індывідуальны прадпрымальнік з Заслаўя Вадзім Кабанчук, адзін з першых беларускіх палітвязняў. Яго калісьці судзілі за графіці ў Стоўбцах. 


Кабанчук кажа, што прыбыў на Плошчу у 20 гадзінаў. Быў на ганку Палаца культуры прафсаюзаў. Сачыў за апаратурай і за агульным парадкам. Ён працаваў у камандзе Рымашэўскага.


Кабанчук кажа, што прарываць ланцуг міліцыі на Кастрычніцкай плошчы заклікалі невядомыя са слухаўкамі ў вушах.

 

16:15 У судзе выступілі кіроўцы грамадскага транспарту Мікалай Алексіевіч, Мікалай Дзямідовіч. Яны распавялі, што 19 снежня мянялі маршруты транспарту. 


Наступны сьведка - Анатоль Данянкоў, старшы інспектар ДАІ Мінску. Сведка распавядае, як супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць шматтысячную дэманстрацыю 19 снежня на праспекце Незалежнасці. На тую ж тэму дапытваюць яшчэ аднаго супрацоўніка ДАІ Івана Шыдлоўскага, інфармуе Радыё "Свабода". Пра гэта ж расказвае даішнік Андрэй Скабароўскі.

 

15.10 На судзе выступілі пацярпелыя. Міліцыянт Сяргей Масальскі заявіў, што мітынгоўцы білі па шчытах нагамі, вудачкамі. Яго, маўляў, выцягнула з шэрагу група людзей. Масальскаму нанеслі ўдар нечым цяжкім па галаве. 


Міліцыянт Ксяндзоў заявіў, што ў яго сарвалі шлем і білі ў плячо. Потым калегі адбілі яго ў натоўпу дэманстрантаў. Аднак экспертызу Ксяндзоў не праходзіў, бо, маўляў, не ведае Мінск, перадае з залы суда nn.by.


Выступіла сведка Вольга Каліноўская, у якой кватараваў Яроменак. Яна кажа, што ў кватэры былі візіткі Віталя Рымашэўскага. А яшчэ быў нейкі "значок". Кватэрадаўца кажа, што даведалася пра арышт хлопца з інтэрнэта.


Наступны сведка — Чарнабай, галоўны механік "Белінвестсервіса". Кажа, што візуальна пазнаў Саннікава. 19 снежня ён працаваў у ДАІ. Расказвае, што натоўп ішоў па праезнай частцы праспекта Незалежнасці. Чарнабай разам з калегамі знаходзіўся на скрыжаванні з вуліцай Энгельса. Чарнабай кажа, што на адлегласці 5–7 метраў ад яго знаходзіліся кандыдаты ў прэзідэнты Саннікаў, Статкевіч, Ус. Яны прасілі прапусціць людзей. Нехта з кандыдатаў абяцаў Карзюку пагоны генерала ў выпадку, калі прапусціць натоўп.

 

 

14:10 Працэс аднавіўся пасля перапынку. Працягваецца допыт пацярпелых. Гаворыць баец спецназу Сяргей Масальскі. Ён распавёў, што ля Дома ўраду дэманстранты яго выцягнулі з шарэнгі і ўцягнулі ў натоўп, ударылі па галаве. Пацярпелы таксама згадвае чаранкі і бутэлькі ў руках дэманстрантаў. Масальскі кажа, што ён толькі адштурхоўваў мітынгоўцаў шчытом, дубінкай не біў.

 

13.00 У судзе выступілі праваахоўнікі Булавацкі, Маісееў. "Дэманстранты хацелі нанесці ўдары. Магчыма, у твар. У мяне трапіў кавалак льда. Бог сцярог, без наступстваў. Мне здаецца, што гэта не смешна. Валун кідалі", — перадае nn.by словы Маісеева.


Суддзя Чацверткова выдаліла з залі суда дзядзьку і маці Фёдара Мірзаянава. Яны назвалі ўсе дзеянні спецназаўцаў "фарсам і спектаклем". Сяргей Аніська, дзядзька Мірзаянава, падпалкоўнік контразведкі ў запасе, удзельнік вайны ў Афганістане, заявіў Маісееву, што той ганьбіць гонар мундзіра.


У судзе абвешчаны перапынак да 14.10. 

 

11:40 На пытанне Мірзаянава камандзір спецназу Кашталанаў сказаў: "Я не ведаю, хто кіраваў маімі дзеяннямі". Адвакаты спыталіся, чаму спецназ не затрымаў адразу тых, хто біў шкло. Кашталанаў заявіў, што спецназ меў іншую задачу – арганізаваць бяспеку Дома ўраду.


Адвакат пытаецца, чаму спецназаўцы адыйшлі ад Дома ўраду ў першы раз. Кашталанаў адказвае коратка: "Каманда". Чаму была такая каманда, ён не ведае.


Кашталанаў кажа, што яго ўдарылі па сцягну, магчыма, чаранком, пры гэтым разбілі тэлефон, які быў у кішэні. Аднак на экспэртызу да медэксперта ён не хадзіў, бо, маўляў, ее было часу.

11:00 Наступны пацярпелы Аляксандр Кашталанаў – намеснік камандзіра палка спецназу. Ён кажа, што 19 снежня быў у рэзерве, аглядаў Кастрычніцкую плошчу. "Нас перамясцілі да Палацу культуры прафсаюзаў, бо думалі, што будзе захоп гэтага будынку", – перадае Радыё "Свабода" словы Кашталанава. 


"На ганку Дома ўраду група людзей, якія хацелі пранікнуць у дома ўраду. Мы іх адштурхвалі ад ганку. У момант, калі я забег на ганак, я адчуў боль у левым сцягне, але паколькі я выконваў задачу, то не надаваў гэтаму значэння", – кажа спецназавец.


Расказвае пра спробы мітынгоўцаў прарыву ланцугу спецназу, кажа, што мітынгоўцы выкарыстоўвалі вогнетушыцель, кідалі ў іх бутэлькі, чаранкі, вудзільны: "Нашых супрацоўнікаў дэманстранты прыціснулі ў кут з боку Чырвонага касцёла, збівалі, забіралі шчыты..."

 

10:25 Дапытваюць пацярпелага Анатоля Епіфанава, міліцыянта спецназу. Ён кажа, што 19 снежня нёс службу на Кастрычніцкай плошчы ў аўтобусе. "Наша задача была сядзець у рэзерве. Каля 22.00 паступіла каманда выехаць да Дому ўраду. Потым была каманда ў баявым парадку выбегчы і стаць спінай да Дому ўраду, у выпадку калі пойдуць людзі – адцясняць. Фізічную сілу я не ўжываў. Не скажу, каб былі спробы прарыву. Так, людзі падыходзілі, спрабавалі кранаць і адыходзілі. Ніякіх прадметаў у руках мітынгоўцаў не бачыў. Падчас пераходу да вуліцы Савецкай атрымаў удар у калена чымсьці цяжкім. Я не ведаю, хто гэта ўдарыў, можа, і мітынгоўцы", – перадае Радыё "Свабода" словы міліцыянта.


Падсудны Гнедчык адзначае: на відэа з Плошчы добра бачна, што спецназ масава біў людзей, а пацярпелы кажа, што фізычную сілу не прымянялі. Аднак Епіфанаў настойвае, што ён не біў нікога сам і не бачыў, каб гэта рабілі іншыя спецназаўцы. Адказваючы на пытанне адвакатаў, пацярпелы прызнае, што яму ўдар мог выпадкова нанесці і іншы спецназавец падчас руху.

 

5 траўня


19.40 Суд працягнецца 6 траўня а 10.00, паведамляе БелаПАН.

 

16.50 Усе сведкі на сёння дапытаныя. Сведка-міліцыянт Павядайка і студэнт, сябра БХД Багдановіч не прыйшлі на паседжанне, бо першы знаходзіцца ў камандзіроўцы, а другі захварэў. Суддзя вырашыла, што гэта паважныя прычыны. 


Аднак высветлілася, што Багдановіч адкрыў бальнічны ліст 4 траўня. Адвакаты настойваюць на паўторным выкліку Багдановіча, бо ён сведчыць супраць Саннікава, Халіп, Статкевіча, Уса ды іншых, быццам тыя штурхалі супрацоўнікаў міліцыі на праезную частку. Суддзя адмовіла ў хадайніцтве. У зале абураныя, паведамляе Радыё "Свабода".


Суд вырашыў перайсці да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы і агляду відэадыскаў.

 

16.10 Выступіў сведка Сяргей Кіеня, супрацоўнік інфармацыйнага агенцтва "Інтэрфакс". Ён кажа, што 19 снежня быў на Кастрычніцкай плошчы і Плошчы Незалежнасці як журналіст, асвятляў дзейнасць праваахоўных органаў. Кіеня зазначыў, што ніякіх пагроз, заклікаў да агрэсіі і гвалту ён не чуў, манціровак і палак у руках дэманстрантаў не бачыў, як і падазроных бутэлек, перадае Радыё "Свабода". Па словах Кіені, ён не бачыў, каб дэманстранты ўжывалі сілу супраць міліцыі.

 

14.00 Пасля перапынку аднавіўся працэс. У суд з'явіўся толькі адзін сведка - прадпрымальнік Аляксандр Макаеў. Ён кажа пра спантанасць дзеянняў дэманстрантаў, перадае nn.by. Кажа, што на ганку Дома ўрада было больш журналістаў і міліцэйскіх кіраўнікоў, чым мітынгоўцаў.


Макаеў расказвае пра вялікую канцэнтрацыю сілавікоў у раёне правядзення апазіцыйнай акцыі і кажа, што фактычна гэта была вайсковая аперацыя.

 

11.50 Суд скончыў допыт сведкаў, выкліканых на раніцу. Яшчэ 6 сведкаў выкліканыя на 14 гадзін. Суд пачаў разглядаць пісьмовыя дакументы па справе. І яшчэ раз вырашыў агучыць паказанні абвінавачанага Гнедчыка пра падзеі на Плошчы, дадзеныя падчас папярэдняга следства. Суддзя знайшла супярэчнасці з ягонымі паказаннямі ў судзе і вырашыла ўдакладніць, перадае Радыё "Свабода". У паказаннях на папярэднім следстве Гнедчык кажа, што на Плошчы Незалежнасьці зрабіў некалькі ўдараў па шчытах, а пазней адганяў ад будынку людзей, якія білі шыбы ў вокнах. Гнедчык адмовіўся ад часткі сваіх паказанняў на папярэднім следстве. 

 

11.00 Начальнік юрыдычнага аддзелу прадпрыемства "Белевросеть" Павел Гайдук паведаміў, што 19 снежня адзін з салонаў фірмы (ва ўніверсаме "Цэнтральны") спыніў працу на гадзіну раней чым звычайна - у 21 замест 22 гадзін. Прычынай было закрыццё ўніверсаму. Па яго словах, не было ні шкоды маёмасці, ні ўпушчанай выгады, інфармуе Радыё "Свабода".


10.40 Выступіў Алег Глоў, намеснік начальніка мінскага мэтрапалітэну. Сведка распавёў суду, што на працы 19 снежня не знаходзіўся, але ведае, што ў той дзень увечары былі зачыненыя дзве станцыі метро – "Кастрычніцкая" і "Купалаўская". Прычына - масавыя мерапрыемствы на Кастрычніцкай плошчы. Па яго словах, была ўпушчаная выгада, якую палічыць не падаецца магчымым.

 

10.30 Першым дапытваюць Андрэя Аляксандрава, супрацоўніка Палацу культуры прафсаюзаў. Ён заявіў, што праца Палаца 19 снежня была прыпыненая ў сувязі з падрыхтоўкай навагодніх ранішнікаў, а таксама з-за таго, што на ўваходзе ў Палац стаялі каля 200 чалавек. 


Як перадае Радыё "Свабода", пра матэрыяльныя страты Палацу ад мітынгу ён нічога патлумачыць не змог. У крымінальнай справе ёсць дакумент, што страты аддзелу мастацкай творчасці Палацу склалі 2,5 мільёна рублёў. Гэта сведка казаў падчас следства. Цяпер ён гаворыць, што не валодае дакладнай інфармацыяй, што паказанні следчы запісаў з яго словаў "толькі часткова". Курсы і гурткі былі перанесеныя, а не скасаваныя, бо ў Палацы знаходзіўся выбарчы ўчастак і ішла падрыхтоўка да навагодніх ранішнікаў. Сведка не ведае, адкуль узялася сума ў 2,5 мільёна стратаў.

 

4 траўня

17.47 Абвешчаны перапынак да раніцы чацвярга. Працэс адновіцца а 10-й гадзіне. Будуць заслуханыя паказанні 12 сведкаў з боку абвінавачвання. Палова з іх ужо сведчылі на працэсах над Мікітам Ліхавідам і Арцёмам Брэусам ды Іванам Гапонавым. Гэта — служачыя палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Мінгарвыканкама, паведамляе “Наша ніва”.

17.20 Суддзя зачытала ўжо 5 тамоў крымінальнай справы. У пятым томе былі матэрыялы тэлефоннага праслухоўвання Саннікава.

Працягваецца зачытванне тамоў.

15.50 Калі падсудным далі магчымасць задаць пытанне Раманчуку, Саннікаў, не паварочваючыся да таго, сказаў: "Пытанняў да сведкі, які актыўна ўдзельнічаў у тым, каб мая жонка апынулася ў турме, у мяне няма".

Допыт сведкаў на сёння закончаны. Суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Суддзя паведаміла, што ўсе DVD-дыскі з фатаграфіямі і відэа будуць даследаваныя судом пазней, калі ў зале ўсталююць вялікі экран.

15.25 Паказанні экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук. Яго прыход выклікаў незадаволеную рэакцыю з боку сваякоў абвінавачаных.

Раманчук заявіў, што не меў ніякіх кантактаў з іншымі кандыдатамі. Пры гэтым ён заблытаўся, характарызуючы назву сваёй кампаніі ў прэзідэнты.

Раманчук, аднак, расказаў, што ў канцы кастрычніка Саннікаў прапанаваў яму зняць сваю кандыдатуру на яго карысць. Раманчук адмовіўся. Пазней такая ж прапанова паступіла і ад Някляева.

Раманчук кажа, што вечарам 19 снежня ў яго былі прычыны падазраваць, што выбары прайшлі недэмакратычна. Кажа, што кандыдаты ад апазіцыі прайгралі па розных прычынах.

Суддзя заявіў Раманчуку: "Вы шмат гаворыце, але не адказваеце на пытанне". Раманчук насамрэч адказвае сумбурна, унікае ад адказаў на пытанні пракурора аб магчымасці перамоваў з уладамі, адзначае nn.by.

Раманчук кажа, што засташўся на Плошчы раздаваць інтэрв'ю журналістам. На Плошчы Незалежнасці стаяў ля Чырвонага касцёла. Выступаў кандыдатаў не чуў, увесь час знаходзіўся навводаль, бо было шмат людзей.

14:20 Сведкай выступае маладафронтаўка Наста Палажанка, перадае Хартыя'97. Яна распавядае пра інцыдэнт з біццём шыбаў. Па яе словах, пачыналі біць шыбы 1-2 чалавекі, яны ёй невядомыя, на іх дзеянні міліцыянты не рэагавалі, іх і не арыштавалі: "Яны падыйшлі, стукнулі і адышлі".

12.40 На судзе абвешчаны перапынак да 14:00, перадае nn.by. Адвакат Яроменкі Мушынская папрасіла сабе замену.

12.10 Рымашэўскі распавёў, што агульнага плану Плошчы не было. На Плошчу кандыдаты прыйшлі толькі з дамоўленасцю вырашыць на месцы, што рабіць далей. Ніхто з кандыдатаў асобна кіраваць мітынгам не мог.

Рымашэўскі адзначыў, што падчас руху калоны заклікаў ДАІ вызваліць частку праспекту для руху людзей. Але людзі ўжо былі на праезнай частцы, рух машын і так спыніўся. Па словах Рымашэўскага, на плошчы Незалежнасці людзей пераканалі сысці з праезнай часткі. Чыя на Плошчы была аўдыёапаратура, ён не ведае.

Экс-кандыдат пазнаў Мірзаянава і сказаў, што той паводзіў сябе неагрэсіўна і дапамагаў яму абараняць дзверы Дома ўраду ад пагромшчыкаў, перадае Хартыя'97.

Рымашэўскі заявіў, што спрабаваў заклікаць да перамоваў са спецназам, пераконваў міліцыянера Яўсеева не біць людзей. Калі правакатары пачалі біць шыбы, быў агульны стан разгубленасці, сцвярджае Рымашэўскі.

11.35 Сведкам выступае кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі. Ён адказваў на пытанні суддзі па-беларуску. Рымашэўскі паведаміў, што ўдзельнічаў у перадвыбарнай кампаніі, быў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці.

Рымашэўскі паведаміў, што спрабаваў каардынаваць сваю дзейнасць з іншымі кандыдатамі, заклікаў да сумеснай працы. Кажа, што шмат хто меў аднолькавыя погляды на тое, што ў краіне павінна быць дэмакратыя. Што да каардынацыі Плошчы, то, па словах Рымашэўскага, з Саннікавым на гэты конт у яго не было сустрэч і каардынацыі.

10.27 4 траўня аднавіўся суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, а таксама Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым, Уладзімірам Яроменкам. У якасці сведкаў на гэты дзень выкліканыя Яраслаў Раманчук і Віталь Рымашэўскі.

Першым у якасці сведкі выклікалі Дзмітрыя Новіка. Ён быў асуджаны за Плошчу на 3,5 гады калоніі, нагадвае nn.by. Новiк кажа, што ніякіх масавых беспарадкаў не было: "Ніякіх заклікаў ісці да Дома ўрада, штурмаваць яго, не было, усё было вельмі арганізавана. Ніхто з удзельнікаў мітынгу не граміў будынак".

29 красавіка

17.06 Наступныя сведкі - Алена Вішнеўская і Андрэй Сталетаў.

15.42 Суд не далучыў фотаздымкі да матэрыялаў справы.

15.26 Мірзаянаў выказаў падзяку Кучку за тое, што сведка захаваў матэрыялы, якія пацвярджаюць фальшаванне справы. Гэта выклікала воплескі ў зале. Судзьдзя папярэдзіла, што можа выгнаць наведнікаў з залі.

Судзьдзя адмовіла ў хадайніцтве далучыць да справы фотаздымкі, бо на іх няма часу.

Адвакаты найстойваюць на тым, што патрэбная выемка фотаапарата для вывучэньня, калі былі створаныя файлы.

15.17  Сведчыць Пётар Кучко. Сведка Кучко заявіў, што быў на акцыі 19 сьнежня — прыйшоў, каб пачуць выступы кандыдатаў. Акцыя насіла мірны характар. Пра акцыю ён даведаўся з сустрэч з апазыцыйнымі кандыдатамі. Пайшоў адзін. Быў на Кастрычніцкай плошчы а 19-й гадзіне.

"Апазыцыйныя кандыдаты прыйшлі каля 20 гадзінаў. Мітынгоўцам не хапала месца на Плошчы, мітынгоўцам перашкаджала музыка, каток," — кажа сведка.

Калі людзі выйшлі на праспэкт Незалежнасці, ім ніхто не перашкаджаў. У часе шэсьця панавала атмасфэра натхнення і энтузіязму.

Кучко заявіў, што ён заставаўся на плошчы Незалежнасці пасля разгону дэманстрацыі. На яго, пажылога чалавека, спэцназаўцы не звярнулі ўвагі. Ён заявіў, што на Плошчы пасля разгону не было ніякіх бутэлек, ледарубаў, каністраў і ўсяго іншага, што потым паказала БТ у фільме "Жалезам па шклу". Сведка назваў гэты фільм фальшыўкай і заявіў, што ў той вечар пасля разгону зрабіў мабільным тэлефонам 5 здымкаў плошчы пасля разгону, на якіх ня бачна ніякіх прадметаў, якія паказала БТ і пра якія гаворыцца ў матэрыялах справы.

Кучко папрасіў далучыцць гэтыя здымкі да справы. Абвінаваўца выступіў супраць. Адвакаты падтрымалі Кучко.

Некаторыя ў зале заапладзіравалі ўчынку сведкі.

Адвакаты і падсудныя азнаёміліся са здымкамі Плошчы, зробленымі Пятром Кучко.

Кучко кажа, што гатовы аддаць фотапарат на экспэртызу. Судзьдзя здзіўляецца, як міліцыянты не арыштвалі сведку ў ноч на 20-е сьнежня, паведамляе Радыё Свабода.

13:01 Лабковіч кажа, што дзверы і вокны Дома ўрада біла чалавек 10–15. Паводле праваабаронцы за гэтым назіралі афіцэры ў цывільным, якіх Лабковіч бачыў раней на акцыях. Яны з Гулаком падышлі да гэтых людзей. І Гулак запытаўся ў афіцэраў, чаму ўмешваюцца ў гэта. Калі невялікая група б’е вокны, а акцыя мірная. "Афіцэры сказалі, што мы не павінны наводзіць парадак. Мы проста тут стаім", паведамляе "Наша Ніва".

12:39 Наступны сведка - праваабаронца Уладзь Лабковіч.

12:31"Я не бачыў траўмаваных супрацоўнікаў міліцыі. Не бачыў, каб ім нехта аказваў супраціў. Я заставаўся на Плошчы апошнім", — расказвае Бяляцкі.

12:18 Бяляцкі гаворыць, што ўсю акцыю людзі паводзілі сябе мірна.

11:58 Бяляцкі кажа, што акцыя 19 снежня нічым не адрознівалася ад шматлікіх іншых вулічных дэманстрацый апошніх 25 гадоў. Яна мела мірны характар."Сярод людзей не было нервознасці. Усяго было 20–30 тысяч чалавек. На Кастрычніцкай адпаведных умоваў для правядзення акцыі не было, бо гучна грала музыка, нельга было нічога чуць. Для арганізацыі мітынгу сітуацыя была безнадзейнай", паведамляе "Наша Ніва".

11:44 Наступны сведка — кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

12:39 Саннікаў кажа, што чакалі, каб нехта выйшаў на перамовы з дома ўрада. Ён кажа, што сам будучы намеснікам міністра замежных справаў, часта працаваў у выхадныя. Таксама па словах Саннікава ў Доме ўрада абавязкова мусіў быць нейкі дзяжурны чыноўнік. Пасля ўжо ягоная справа перадаваць Сідорскаму, ці прымаць рашэнне самому.

Саннікаў задае Груздзіловічу пытанне, ці чуў ён нейкія заклікі да гвалту, ці быў такі план. Груздзіловіч лічыць, што агульнага плана дзеяння ў кандыдатаў не было, паведамляе "Наша Ніва".

11:20 Працягваецца допыт Алега Груздзіловіча.

10:34 "У мяне ўражанне было, што першапачаткова шкло білі не мітынгоўцы, а ўжо потым прыйшлі і ўдзельнікі дэманстрацыі", — кажа Груздзіловіч. Ніякай арматуры, ледарубаў, каністраў ён не бачыў.


10:25 Па словах Алега на Кастрычніцкай плошчы людзей было так многа, што ім не было куды там дзецца, таму людзі рушылі ўбок плошчы Незалежнасці. Груздзіловіч не бачыў ніякіх парушэнняў заканадаўства. Потым Алег расказваў пра біццё шкла. "Яшчэ мітынг не пачаўся, а шкло ўжо было пабітым", паведамляе "Наша Ніва".

10:17 Пачынаецца допыт журналіста Радыё "Свабода" Алега Груздзіловіча. Ён быў на Плошчы па прафесійных абавязках. Гаворыць, што акцыя была абсалютна мірнай. Груздзіловіч чуў заклікі, што выбары фальшывыя, трэба патрабаваць новых.

10:08 Зараз адвакатка Кавалеўская робіць хадайніцтва аб допыце сведак з боку абароны. Усяго дзевятнаццаць чалавек. Сярод іх журналіст Алег Груздзіловіч, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Уладзь Лабковіч.

10:07 У залі суда прысутнічае трыццаць невядомых маладзёнаў. Праўда, яны не прызнаюцца, з якой навучальнай установы прыйшлі. "Нам проста цікава", — кажуць яны. Доўгі час у залу суда не магла трапіць мама Фёдара Мірзаянава, паведамляе "Наша Ніва".

У судзе знаходзіцца часовы павераны ЗША Майкл Скэнлан, прадстаўнікі АБСЕ, нямецкага пасольства, Уладзімір і Люцыяна Халіпы.

29 красавіка Пачатак трэцяга дня слуханняў у суде Партызанскага раёну Мінска.

17.51 Суд працягнецца заўтра у 10.00.

17.23 Былі зачытаныя паказанні 18-ці пацярпелых, што з розных прычынаў адсутнічалі на працэсе. Чатырох пацярпелых выклічуць у суд для дачы дадатковых паказанняў.

Цяпер суд прыступіў да азнаямлення з матэрыяламі другога тома справы.

15.42 Пацярпелых дапыталі. Васямнаццаць спецназаўцаў зараз знаходзяцца ў адпачынку. Адзін на амбулатурным абследаванні. Іх з'яўленне у суд немагчымае. Усяго 29 пацярпелых. На працэсе ж было дапытана толькі восем.

15.39 Фёдар Мірзаянаў адзіны абвінавачаны, які задае пытанні пацярпелым. Іншыя сядзяць ціха.

15.38 Паказанні дае Дзмітры Скараход. Сведкі тыя, што раніцай былі на працэсе Кіркевіча, Вінаградава, Дразда.

Скараход кажа, што з яго сцягнулі шалом і білі па галаве.

15.21 У Піліпейкі на Плошчы быў найбольш багаты досвед. Расказвае, што бачыў групу з «6–7 чалавек у дублёнках», якія крычалі: «Бей мянтоў», а таксама праводзілі пальцам па горле.

На думку Піліпейкі, менавіта яны былі зачыншчыкамі беспарадкаў. Яны пайшлі ў першых шэрагах і пачалі наносіць удары па міліцыі. «Я сам прымяняў супраць іх сілу».

Потым ён расказаў пра мужчыну 60 гадоў, які выскачыў перад спецназам і пачаў пырскаць на іх з балона. Піліпейку трапіла ў твар і грудзі.

Па словах Піліпейкі, на ганку было 30–40 чалавек. Адбыўся нейкі рух.

15.02 Паказанні дае Віталь Піліпейка. Расказвае, што пры спробе адціснуць дэманстрантаў, яму нехта зрабіў падножку, а іншы чалавек ударыў у спіну. Ён упаў у натоўп, дзе яму наносілі яшчэ ўдары ў тулавішча рукамі і нагамі. Але напарнікі яго адбілі.

15.01 Сакач расказвае, што першапачаткова знаходзіўся ў машыне за Палацам Рэспублікі. Потым яго перавялі на плошчу Незалежнасці. Калі рассякалі натоўп, то ён атрымаў удар па руцэ.

"Я не хачу выказваць сваё меркаванне, я кажу факты", — кажа Сакач. Узброенага супраціву ён не бачыў.

14.44 Паказанні дае спецназавец Аляксей Сакач.

14.42 Ігар Зянькевіч кажа, што бачыў у дэманстрантаў палкі, а таксама аднаго чалавека, які праходзіў з жалезным прутом. На Плошчы Зянькевічу былі нанесеныя траўмы. Потым дактары засведчылі ажог дыхальных шляхоў.

Паводле Зянькевіча, у яго кідалі пластыкавыя бутэлькі з нейкай вадкасцю. Дэманстранты яму крычалі: «Сыходзь, чаго ты сюды прыйшоў». Пажараў, узброенага супраціву ён не бачыў.

Сведка Ігар Зянькевіч быў і на судзе супраць Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, паведамляе "Наша Ніва".

14.12 Прыбыла новая партыя рослых пацярпелых. Першы сярод іх паказанні дае Ігар Зянькевіч.

14.08 Мама Фёдара Мірзаянава кажа, што яе сын спадзяецца даказаць на судзе сваю невінаватасць. Але сама яна кажа, каб ён лепш падрыхтаваўся псіхалагічна да горшага.

14.03 Суд працягваецца. Пасля перапынку на працэс па няясных прычынах не пусцілі журналістку "Камсамольскай праўды" Ірыну Козлік.

13:00 Абвешчаны перапынак да 14:00

12:08 Сарока быў на Плошчы ў цывільным. У твары ён не ўглядваўся, кантраляваў натоўп.

12:02 Наступны пацярпелы – Юры Сарока, старшы эксперт Савецкага РУУС. З абвінавачанымі незаёмы, паведамляе Наша Ніва.

11.25 Наступны пацярпелы – спецназавец Дзяніс Гушча. Ён распавёў, што ў часе разгону дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці атрымаў удар у раён левага калена. Таксама звяртаўся да лекара, але нічога сур'ёзнага не выявілі.

10.47 Наступны пацярпелы - спецназавец Аляксандар Волкаў. Ёнраспавёў, што ў часе разгону дэманстрантаў яго ўдарылі нагой па правым калене, хто канкрэтна яго біў, не памятае. Пасля ўдару ён заставаўся ў шэрагу да канца зачысткі Плошчы, а раніцай звярнуўся па медычную дапамогу, паведамляе Радыё Свабода.

10.08 Пачаўся допыт пацярпелых. Першы - намеснік камандзіра роты спецназу міліцыі Сяргей Лушчык. У часе разгону ён атрымаў гематому на ягадзіцы.

Лушчык распавядае пра тое, як праходзіла служба 19 снежня. У 22.00 па рацыі паступіла каманда выехаць на Плошчу незалежнасці. Быў экіпіраваны ў шлем, бронекамізэльку, шчыткі на руках і нагах. Пры спробе пранікнення да Дома ўрада яму загадалі адцясніць натоўп.

"Я быў за шчытамі супрацоўнікаў. На плошчы было шмат народу, білі шкло, група людзей стаяла ля ўваходу, чалавек 30, у тым ліку рэпарцёры. Некалькі чалавек з нашых паслізнуліся, я схапіў аднаго падняць, у гэты момант невядомы чалавек замахнуўся ледарубам, я нахіліўся, першы раз ударылі чаранком па спіне, другі ўдар прыйшоўся ў ягадзіцы. Я ўпаў".

Потым ён самастойна ўстаў і працягваў несці службу.

Лушчык кажа, што ў руках мітынгоўцаў былі вудзільны, чаранкі ад рыдлёвак

Пацярпелы кажа, што ў 2 гадзіны начы трапіў у шпіталь МУС на стацыянарнае лячэнне, дзе быў цягам 4 дзён.

Заклікаў міліцыі да дэманстрантаў разыйсціся пацярпелы не чуў, бо ў вушах у шлеме надта гучна працавала рацыя.

Саннікаў адмовіўся задаць пытанне пацярпеламу: "Няма пытанняў, ёсьць шкадаванне".

Чым ударылі яго ў ягадзіцы, пацярпелы не памятае, кажа толькі, што гэта быў моцны ўдар. Не выключае, што гэта мог быць удар нагой, паведамляе Радыё Свабода.

10.03 На паседжанне прыйшлі пацярпелыя спецназаўцы. Пакуль пацярпелых у зале трое – маладыя мужчыны моцнага целаскладу.

10.00 Працэс аднавіўся

9.55 Фота- відэаздымкі ў залі суду сёння не дазволілі. На працэс з журналістаў у першую чаргу прапускалі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

9.50 Людзей запусцілі ў залю. Тут сваякі падсудных, дыпламаты краінаў Еўрасаюза, прадстаўнік амбасады ЗША Крыстофер Паніка, праваабаронцы. З палітыкаў – Юры Хадыка.


28 красавіка Суд Партызанскага раёна Мінску працягвае крымінальную справу супраць удзельнікаў Плошчы

17.45 Адвакат Мірзаяна папрасіў даць яму магчымаць азнаёміцца з паказаннямі Саннікава і Васілевіча. Суддзя прыняла рашэнне задаволіць гэтую просьбу.

Суддзя аб’явіла перапынак да 10 раніцы 28 красавіка.

17.04 Зачытваюцца пісьмовыя матэрыялы справы. Зачытвае прадстаўнік пракуратуры.

16.59 Суддзя прапануе змяненне хады следства. Замест допыта сведкаў зараз будзе азнаямленне з пісьмовымі матэрыламі справы.

16.41 Саннікава дапыталі. У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілін.

16.32 "Абсалютная лухта — ніякіх масавых беспарадкаў я не арганізоўваў. Я заўсёды казаў, што мы будзем выконваць Канстытуцыю".

Саннікаў кажа, што існуе традыцыя, калі ў дзень выбараў людзі збіраюцца на мірную акцыю, каб сказаць, што краіне патрэбныя змены.

"На Акрэсціна мне сказалі, што траўма сур’ёзная, і мяне адвязуць у бальніцу. Замест гэтага завезлі ў "амерыканку".

На Плошчы былі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі, еўрапейскія, але ніякіх ледарубаў не было. Гэта было абсалютна мірнае шэсце людзей, якія ішлі з надзеяй на лепшае".

16.17 "Я хутка атрымаў удар нечым цяжкім па назе, а таксама па галаве. Відаць, на нейкі час страціў прытомнасць. Ведаю, што жонка і мой кіроўца закрывалі мяне сабой.

Калі прыйшоў у сябе, то ўстаў толькі пры дапамозе Леаніда Навіцкага і сваёй жонкі. Яны мне сказалі, што трэба ехаць у бальніцу. Знаёмы журналіст прапанаваў падвезці. Мы селі да яго ў машыну і паехалі ў шпіталь. На плошчы Перамогі нас падрэзала машына ДАІ. Я спрабаваў давесці, што траўмаваны. Але мяне вырвалі з машыны, нанеслі некалькі ўдараў ботамі, паклалі ў снег. Нас пасадзілі ў розныя машыны, і адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна".

16.14 Саннікаў кажа, што сказаў спецназаўцам, каб яны клікалі начальства, ён гатовы да перамоваў, але ніхто не прыйшоў.

Калі кандыдат у прэзідэнты зайшоў на ганак, то шкло ўжо было пабітае. "Калі я адышоў да помніка Леніна, то ўжо пачалося рассячэнне".

16.09 "Важны быў сам факт перамоваў. Я разлічваў, што знойдуцца ва ўрадзе смелыя людзі, якія прызнаюць наяўнасць крызісу.

Я пачуў звон шкла ля Дома ўрада, пайшоў паглядзець, што там адбываецца. Нічога толкам не пабачыў. Сказаў, што гэта правакацыя. Сказаў, што яе трэба спыніць. Гэта ж сказаў Рымашэўскі. У гэты час пайшоў першы ланцужок спецназа".

16.05 "Я прыйшоў на плошчу Незалежнасці троху пазней, чым астатнія кандыдаты. Я пабачыў, што некалькі кандыдатаў стаяць ля касцёла, я падышоў да іх. Разам мы рушылі ўбок помніка Леніна. Я не заклікаў людзей ісці па праезнай частцы. Мы паўтаралі, што хочам перамоваў. За гэта прагаласавалі тысячы людзей на Кастрычніцкай плошчы".

16.00 "Рух адбываўся па праезнай частцы. Не было зваротаў ДПС спыніць рух на праезнай частцы. ДАІшнікі стаялі па цэнтру дарогі, мітынгоўцы іх проста абышлі. Я разам з жонкай падышоў да іх, каб сказаць, што трэба падтрымліваць парадак. Я рухаўся ў цэнтры калоны. Заклікаў разысціся не было. Я ведаў, што акцыя несанкцыянаваная".

15.55 Кандадат у прэзідэнты кажа, што прыбыў на Плошчу разам з жонкай і сябрамі. Прызнае, што на Кастрычніцкай звяртаўся да людзей. "Калі прынялі рашэнне перасоўвацца ўбок плошчы Незалежнасці. На Кастрычніцкай плошчы было некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, але не быў закрыты каток, гучна грала музыка. Кандыдаты не маглі звярнуцца да людзей, каб іх пачулі. Нехта паведаміў, што ў Палацы прафсаюзаў знаходзяцца амапаўцы і вось-вось яны пачнуць разгон. Паколькі імавернасць такога была вялікай, то мы вырашылі пайсці".

15.50 Пракурор пытаецца, ці заклікаў Саннікаў прыходзіць людзей 19 снежня на Плошчу. Саннікаў кажа, што так, у тым ліку ў СМІ, і сустрэчах з выбарцамі.

"З іншымі кандыдатамі я свае дзеянні не каардынаваў, хоць і ведаў, што яны таксама заклікалі на Плошчу. Ніякага сумеснага планавання Плошчы не было. Указанняў прыходзіць я не даваў".

15.46 Паказанні пачаў даваць Саннікаў. Ён заклікаў суддзю дзейнічаць паводле закона. Кажа, што справа мае відавочную палітычную афарбоўку.

15.16 Па ацэнках Мірзаянава, на Плошчы было 30 тысяч чалавек. Прыкладна такую самую лічбу называюць і іншыя абвінавачаныя.

Мірзаянаў таксама заяўляе пра ціск. 25 студзеня начальнік следчага ўпраўлення Казакевіч прапанаваў Мірзаянаву сказаць, што кандыдаты давалі грошы яму за ўдзел, тады ён будзе праходзіць як сведка. Кажа, што часткова прызнаў віну, бо яго абяцалі выпусціць з Валадаркі ў выпадку прызнання.

15.05 Мірзаянаў кажа, што спрабаваў не прапусціць правакатараў на ганак Дома ўрада, ён стаяў у шэрагу людзей.

Калі першы раз падышоў спецназ, то Мірзаянава адкінула да ганка Дома ўрада. Хлопец таксама гаворыць, што спрабаваў прыбраць шкло, каб не дапусціць ранення людзей. Асабіста ён не наносіў удары.

14.56 Паказанні дае Фёдар Мірзаянаў. Ён вучыўся ў БДЭУ. Мірзаянаў быў сябрам БРСМ. Кажа, што прыехаў на Плошчу па закліку Яраслава Раманчука, які пачуў па БТ.

14.40 Гнедчык гаворыць, што ніякіх заклікаў ад кандыдатаў штурмаваць Дом урада не было. Ён не бачыў супрацоўнікаў праваахоўных органаў на ганку Дома ўрада. Затое бачыў ледаруб у руках некага з удзельнікаў, а таксама адну палку.

Гнедчык гаворыць, што бачыў Парфянкова. Кажа, што Рымашэўскі заклікаў не дапускаць правакацый.

Кажа, што нанёс прыкладна штуршкоў і ўдараў каля 15.

14.03 Працэс аднавіўся пасля перапынку. Пачынаецца допыт Алега Гнедчыка. Ён працаваў у будаўнічай фірме. Падчас выбараў быў у ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева.

12.50 Абвешчаны перапынак да 14.00

12. 45 Суддзя Чацвертакова падтрымала хадайніцтва адваката і вырашыла агучыць усе паказанні Васілевіча на папярэднім следстве ад 9 студзеня 2011 года.

12.30 Абвінаваўца Загорскі просіць агучыць паказанні Васілевіча на папярэднім следстве.

Мірзаянаў кажа, што Васілевіч у гэты час мог знаходзўіцца пад ціскам міліцыі. Таму тым паказанням мала веры.

Некаторыя адвакаты таксама супраць агучвання тых паказанняў. Але суддзя падтрымала абвінаваўцу і зачытвае ранейшыя паказанні Васілевіча на папярэднім следстве.

У ранейшых паказаннях Васілевіч цалкам прызнаваў сваю віну і тлумачыў, што аскепкі бітага шкла ён зьбіваў з хуліганскіх памкненьняў, а не для бясьпекі дэманстрантаў, як заявіў ў судзе.

Васілевіч заявіў, што ў часе допту на яго ціснулі. 6 студзеня вялі допыт без адваката і без складання пратаколу.

Прозвішча таго следчага ён не памятае. "Мне пагражалі, што створаць невыносныя ўмовы", - кажа Васілевіч.

Пры допыце 11 студзеня з удзелам адваката псіхалягічны ціск ужо не чыніўся. Але Васілевіч прызнаецца, што ён быў у стане дэпрэсіі

11.55 Пачаўся допыт Іллі Васілевіча. Ён зазначыў: тое, што мірная акцыя пратэсту супраць несумленных выбараў прэзідэнта будзе праходзіць на Кастрычніцкай плошчы даведаўся са СМІ, і пайшоў туды, бо было цікавіка. Васілевіч кажа, што ніякіх заклікаў да штурму Дома ўраду ён не чуў.

11.40 Абвінаваўца Загорскі пытаецца ў Яроменка, хто пачаў выходзіць на прапект з Кастрычніцкай плошчы: народ ці кандыдаты, ці бачыў ён дзе ішлі кандыдаты? Яроменак на гэта адказвае, што не памятае.

"Ці хто-небудзь у натоўпе прапаноўваў чыніць гвалт, падпалы, пагромы, узброены супраціў прдстаўнікам ўлады?" —  пытае Загорскі.

На ўсё гэта Яроменак адказвае "Не".

Дзе быў і што рабіў на Плошчы Саннікаў, Яроменак не памятае. Ён кажа, што не бачыў на Плошчы ніякіх прутоў, бутэлек і каністраў з гаручай вадкасцю. Разам з гэтым ён прызнаў што меў з сабою "фомку".

11.23 Яроменак распавядае пра свае дзеянні 19 снежня. Кажа, што сімпатызаваў кандыдату ў прэзідэнты Віталю Рымашэўскаму. І на ягоны заклік прыйшоў на месца збору ля вакзалу ў Мінску. Ніякіх прадметаў на Кастычніцкую плошчу ён не прыносіў.

Яроменак кажа, што пасля чыёйсці правакацыі людзі пачалі біць дзверы. І ён, не да канца разумеючы, што робіць, далучыўся да гэтых людзей, некалькі разоў ударыў у дзверы рукамі і нагамі. Потым міліцыя адцясніла яго разам з іншымі.

Яроменак заявіў, што раскайваецца ў тым, што ўчыніў 19 снежня ля Дому ўраду, паведамляе Радыё Свабода.

11.17 Пачаўся допыт падсудных. Першым дапытваюць Яроменка. Ён адказвае па-беларуску.

11.13 Саннікаў не прыўзнаў віны. Яроменак прызнаў віну. Мірзаянаў заявіў, што гэта мана, і што ён не прызнае віну. У залі прагучалі воплескі. Суддзя зрабіла заўвагу. Гнедчык прызнае віну часткова.

11.12 Мірзаянаў абвінавачваецца ў тым, што дастаў некалькі шкляных аскепкаў з дзвярэй і кінуў у бок спецназу ля Дома ўраду.

Кожнаму з падсудных зачытваюць у віну траўмы атрыманыя спецназаўцамі, удары, у тым ліку міліцыянту Лушчыку, які атрымаў пашкоджанне левай ягадзіцы.

11.11 Падсудны Гнедчык абінвачваецца ў тым, што спрабаваў пранікнуць у Дом ураду, нанёс не меней пяці ўдараў у загародку, узламваў уваходныя дзверы, паведамляе Радыё Свабода.

11.10 Пракурор Загорскі чытае ў абвінавачанні, што Васілевіч спрабаваў пранікнуць у Дом ураду. Не меней чатырох разоў ударыў нагамі і два разы ўдары нейкім металічным прадметам у загародкі на ўваходзе Дома ўраду.

11.05 Пракурор зачытвае абвінавачаньне Саннікаву, сцвярджае, што ён у сваіх выступах па радыё і ТБ, на сходах і мітынгах заклікаў неаднаразова выбарнікаў на несанкцыянаваны мітынг на Кастычніцкую плошчу Мінска. І на мітынгу ён заявіў пра нелегітамнасць выбараў -- агучыў на мітынгу "заведама іжлывыя звесткі", а потым разам з іншымі канддатамі арганізаваў шэсце па праспекце Незалежнасці, што перашкодзіла працы розных устаноў, банкаў, Макдоналдса і транспарту. Макдоналдс заявіў пра 8 мільёнаў неатрыманай выгады.

Пракурор зачытвае спіс пацярпелых спецназаўцаў, кажа пра паромы і падпалы з боку дэманстрантаў.

Заля абураецца, што пракурор чытае ціха, нічога не чуваць. Суддзя робіць заўвагу.

10.55 Працэс адноўлены. Суд адхіліў хадайніцтва аб змяненні меры стрымання на падпіску пра невыезд, паколькі абвінавачаным пагражае пакаранне больш за 2 гады зняволення і іх учынак лічыцца цяжкім злачынствам. Паводле суддзі, не зявіліся прадстаўнікі грамадзянскага пазоўніка, некаторыя пацярпелыя і сведкі. Тым не меньш суд вырашыў пачаць разбіральніцтва без іх, паведамляе Радыё Свабода.

10:25 У судзе абвешчаны перапынак. Суддзя будзе прымаць рашэнне адносна хадайніцтва абароны Саннікава, паведамляе Наша НІва.

10:19 Адвакат Варвашэвіч заяўляе хадайніцтва аб змяненні меры стрымання супраць яго падабароннага Андрэя Саннікава. Ніхто з абвінавачаных не маюць адводу да суддзі, паведамляе Наша Ніва.


10.00 Пачаўся судовы працэс

9.55  У залу змаглі патрапіць толькі сваякі Андрэя Саннікава, дыпламаты і некалькі чалавек, якія былі з прапускамі, і некалькі журналістаў — 2-3 чалавекі. Астатнія засталіся за дзвярыма, бо "месцаў у зале няма".

9.15 Справу будуць разглядаць у залі на 60 месцаў. Адной з першых у суд прыйшла маці Андрэя Саннікава – Ала, паведамляе Радыё Свабода.

Суд Партызанскага раёна Мінска ў 10.00 пачаў разгляд крымінальнай справы за "арганізацыю масавых беспарадкаў" Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзіміра Яроменкі. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Суддзя Наталля Чацвертакова.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі