Шапіра: Яшчэ нядаўна мы глядзелі на прадпрымальнікаў не зусім добразычліва
Кіраўнік Мінскай вобласці пахваліў прыватны бізнэс за новы дзіцячы садок у пасёлку Лясны Мінскага раёна.
У сярэдзіне студзеня садок, пабудаваны на грошы групы кампаній “А-100” у пасёлку Лясны, перайшоў у камунальную ўласнасць Мінскага раёна. Кошт праекта — 3 мільёны долараў. Садок разлічаны на 8 груп, у ім будуць займацца 150 дзетак з наваколляў і паўночных раёнаў сталіцы.
На думку Сямёна Шапіры (на здымку), які ачоліў Мінскую вобласць у лістападзе 2013 года, сацыяльная актыўнасць бізнэсу сведчыць пра нармальнае развіццё беларускай эканомікі:
“Зусім нядаўна была такая сітуацыя, калі мы яшчэ на прадпрымальнікаў глядзелі не зусім добразычліва. Нам падавалася, што яны нешта там хочуць зарабіць на нас. Сёння мы бачым і кажам, што бізнэс укладае грошы ў развіццё нашай краіны, у яе будучыню”.
У той жа час, намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Сяргей Шаблыка падкрэсліў, што гэта “першы, пілотны праект прыватнага бізнэсу і ўладаў”:
“Тыя прапановы, з якімі мы апошнім часам выходзілі на прыватныя кампаніі… Будзем казаць так, кампаніі адыходзілі ў бок. Бо весці сёння сацыяльную нагрузку — гэта няпроста”.
У чарзе на ўладкаванне ў дзіцячыя садкі Мінскага раёна на сённяшні дзень стаіць 2810 дзетак. Загадчыца новага дзіцячага садка Вера Невідзіцына распавяла Еўрарадыё, што чакаць чаргі даводзіцца па 4 гады. А некаторыя бацькі займаюць чаргу на другі дзень пасля нараджэння дзіцяці.