Шведскі рэжысёр шукае акцёраў у лідскім дзіцячым доме

“Ні дзеці, ні кіраўніцтва лідскага дзіцячага дома ў такім яшчэ не ўдзельнічалі, — кажа Еўрарадыё харэограф Александр Цебянькоў, каардынатар па Беларусі міжнароднага эксперыментальнага тэатральнага праекта “Дом”. — Гэта вялікі міжнародны праект, які падтрымлівае Шведскі Інстытут. Спачатку яго рэалізавалі ў Малдове, пасля ва Украіне. Цяпер чарга Беларусі”.

 
Праект уяўляе сабой эксперымент: пра дом мусяць расказаць тыя, хто з самага дзяцінства гэтага домау пазбаўлены. У творчы працэс ўжо ўцягнутыя 15 дзетак ад 12 да 16 гадоў, якіх шведскі рэжысёр Бэна Ворхам (Benno Voorham) адабраў падчас першага этапу праекту. А праз тыдзень шчыльных рэпетыцый, якія пачнуцца напрыканцы жніўня, застануцца тыя сямёра, якія “пацягнуць” працу акцёраў. 
 
“Гэта будзе і тэкст, і пластыка — такі сінтэтычны спектакль, танцавальна-драматычны, але амаль цалкам пабудаваны на імправізацыі, — распавядае харэограф Аляксандр. — Галоўная яго мэта — асэнсаваць, што такое ідэальны дом для кожнага з нас, чаго мы хочам у жыцці дасягнуць праз паняцце “дом”.
 
Прэм’ера спектакля адбудзецца ў лідскім дзіцячым доме ўжо 13 верасня. Пасля спектакль праедзе па іншых беларускіх гарадах.
 
Фота: theprojecthome.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі