Сямашка: Дзякуючы Расіі беларускі бюджэт у 2015-м атрымае $2,5 млрд
Перамовы Беларусі і Расіі па падатковым манеўры ў нафтавай сферы працягнуцца ў пачатку наступнага года.
Пра гэта паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. "Упершыню ўсе вывазныя пошліны [на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты] застануцца ў беларускім бюджэце ў памеры 2 млрд 529 млн долараў. Гэтая лічба немалая", — цытуе словы Сямашкі БЕЛТА. Пры гэтым першы віцэ-прэм'ер сказаў, што невядома, як доўга будзе працаваць падатковы манеўр.
Нагадаем, у сярэдзіне верасня ў Расіі загаварылі пра неабходнасць правядзення так званага "падатковага манеўра" — павышэння падатку на здабычу выкапняў, у тым ліку і нафты, пры паралельным зніжэнні вывазных пошлін пры экспарце нафты і нафтапрадуктаў. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў, што беларуская эканоміка страціць з-за "падатковага манеўра" ў Расіі каля 1 млрд долараў. Беларускі бок настойваў, каб Расія дазволіла Беларусі не пералічваць у расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты. У выніку перамоваў гэтага ўдалося дасягнуць.
Фота — Reuters