У Брэсце прайшоў велапарад на шпільках (фота)
У мерапрыемстве сёлета прынялі ўдзел госці з-за мяжы.
Трэці велапарад на шпільках прайшоў сёння ў Брэсце. Удзельніцы прабегу, дэвіз якога “Пранясем нашу любоў па горадзе”, апрануліся ў сукенкі і ўпрыгожылі валасы ружамі. У акцыі прыняло ўдзел каля 200 жанчын і дзяўчат, прычым мерапрыемства набыло міжнародны статус — да брэстаўчанак далучыліся жыхаркі польскага Любліна.
Дамы праехалі па галоўных вуліцах Брэста і фінішавалі на набярэжнай ракі Мухавец. Там для іх арганізавалі забаўляльную праграму з майстар-класамі, конкурсамі і гульнямі. Самыя крэатыўныя ўдзельніцы атрымалі падарункі, перадае БЕЛТА.