У тэатры "Батлейка" абвяргаюць звальненні, але прызнаюць праблему з фінансамі

Тэатр лялек "Батлейка"

Тэатр лялек "Батлейка" / Kraj.by

У Мінскім абласным тэатры лялек "Батлейка" абвяргаюць звальненні работнікаў, піша Kraj.by.

Як распавядала Еўрарадыё, нядаўна ў СМІ з'явіліся паведамленні, што тэатру пагражае закрыццё або далучэнне да маладзечанскага Палаца культуры. Паведамлялася пра звальненні ў тэатры і фінансавыя праблемы.

Галоўны інжынэр і выканаўца абавязкаў дырэктара тэатра Мікалай Тамашэўскі ў каментары Kraj.by кажа, быццам дырэктарку тэатра Таццяну Чаеўскую не звольнілі — яна, маўляў, цяпер на бальнічным. Таксама ён абвяргае звесткі пра непадаўжэнне кантрактаў з работнікамі. Па словах Тамашэўскага, ім цалкам выплацілі заробкі за студзень, а пытанне працягу кантрактаў будзе вырашаць дырэктарка, калі выйдзе пасля хваробы. Пры гэтым ён дадае, што "частка гэтых людзей — пенсіянеры".

Тамашэўскі спадзяецца на дапамогу Мінаблвыканкама: "Што датычыць лютага, у аблвыканкаме сказалі, што дапамогуць. У нас ёсць задумкі ў абнаўленні рэпертуару, прыцягненні гледачоў розных узроставых катэгорыяў".

Фінансавыя праблемы тэатра пацвердзіла яго былая кіраўніца Ала Палякова. Не ўдалося выканаць планы па выручцы, якая мусіць пакрыць выдаткі тэатру, бо яны, па словах Паляковай, нерэальныя. Прычына — у новых патрабаваннях фінансавання выдаткаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў у прапорцыях 60/40. У "Батлейцы" кажа Палякова, да апошняга спадзяваліся, што гэтае рашэньне не прымуць, таму яно аказалася як снег на галаву.

На сёння ў "Батлейцы" працуюць 42 чалавекі, прычым 13 з іх — пенсіянеры.

Лялечны тэатр "Батлейка" працуе ў Маладзечне з 1990 года. Ён быў неаднаразова ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі на міжнародных фестывалях тэатраў лялек Беларусі, Расіі, Малдовы, Украіны, Літвы, Германіі, Італіі, Сербіі, Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі