Украінцы ўмацоўваюць мяжу з Беларуссю: ад Валынскай вобласці да Чарнігаўскай
Так украінцы ўмацоўвалі мяжу восенню 2022-га / Telegram
Інжынернае ўмацаванне мяжы працягваецца па ўсёй мяжы з Беларуссю: ад Валынскай вобласці да Чарнігаўскай. Пра гэта ў каментары hromadske распавёў прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Андрэй Дземчанка.
Паводле яго слоў, умацаванне ўключае розныя элементы, якія могуць адрознівацца на розных участках мясцовасці. У прыватнасці, гэта супрацьтанкавыя равы, насыпы, разнастайныя платы, калючы дрот, завалы.
"Працы па ўладкаванні мяжы праводзяцца як сіламі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, так і ў цесным супрацоўніцтве з абласнымі і мясцовымі органамі ўлады, — кажа Дземчанка. — Акрамя гэтага, разам з падраздзяленнямі УСУ [Узброеных сіл Украіны] праводзіцца мініраванне па найбольш пагрозлівых напрамках".
30 чэрвеня стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага даручыла галоўнакамандуючаму Узброенымі сіламі Украіны Валерыю Залужнаму і камандуючаму "Поўначчу" Сяргею Наеву ўзмацніць мяжу з Беларуссю ("паўночны кірунак"). Адбылося гэта пасля таго, як у Беларусі пачалі чакаць з'яўлення вагнераўцаў з РФ. Пры гэтым у Кіеве не бачаць пагрозы наступу з боку Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.