Улады абяцаюць інфляцыю 12%, эканамісты кажуць пра 15-18%

У першы дзень зімы кіраўнік краіны зацвердзіў галоўныя лічбы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2015 год. І прагнозы гэтыя ў год чарговых прэзідэнцкіх выбараў не радуюць. Хоць і ствараюць уражанне ўжо больш-менш рэалістычных, прызнае ў размове з Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб. Праўда, з пэўнымі ўдакладненнямі.
 
Да прыкладу, прагназуецца, што валавы ўнутраны прадукт вырасце ўсяго на 0,2-0,7%. Добра, калі нават гэта будзе, разважае Вадзім Іосуб.
 
Вадзім Іосуб: “Размова, па сутнасці, ідзе пра стагнацыю, пра тое, што ВУП будзе каля нуля. І ўвогуле, калі яно так атрымаецца, калі не будзе рэцэсіі, не будзе зніжэння ВУП, а ў Расіі па апошніх прагнозах магчымае менавіта зніжэнне ў наступным годзе, гэта будзе вельмі нядрэнным дасягненнем”.
 
Раней усе паказчыкі ВУП былі завышаныя, пагаджаецца з суразмоўцам эканаміст Леанід Злотнікаў. І не вельмі верыць у здольнасць прадказаць рост паказчыкаў з такой дакладнасцю — да дзясятых пасля нуля.
 
Леанід Злотнікаў: “Гэтая дакладнасць ні пра што не кажа. Яна сведчыць пра тое, што распрацоўшчыкі стараліся вывесці хоць нейкі станоўчы паказчык. Няважна які — галоўнае, каб станоўчы. Яны стараліся стварыць уражанне, што хоць нейкі рост ёсць, яшчэ не падаем”.
 
Скептычна ставяцца эксперты і да запланаванага зніжэння інфляцыі да 12%. Найперш таму, што вялікай будзе інфляцыя ў наступным годзе ў Расіі — як мінімум 10%.
 
Вадзім Іосуб: “Плюс нашы ўнутраныя механізмы раскручвання інфляцыі нікуды не падзеліся. Гэта дастаткова мяккая грашова-крэдытная палітыка, агульная структурная неэфектыўнасць эканомікі. Зыходзячы з гэтага такі прагноз мне падаецца залішне аптымістычным: хутчэй можна чакаць інфляцыі каля 15-18%”.
 
Па словах Леаніда Злотнікава, інфляцыя ў 12% сведчыць пра тое, што ўлада “зусім не кіруе эканомікай”. Таму, упэўнены Злотнікаў, запланаванага росту прыбыткаў насельніцтва на 1,1-1,5% у параўнанні з 2014 годам не будзе.
 
Леанід Злотнікаў: “Няма з чаго ім узяцца, разумееце? Няма росту аб’ёмаў вытворчасці, падае экспарт, вельмі складана атрымліваць новыя крэдыты, нават складана будзе прадаць нашы прадпрыемствы за нейкую прымальную суму, каб падвысіць заробак”. 
 
Лічба даволі рэальная, не пагаджаецца Вадзім Іосуб. У перадвыбарны год зніжаць прыбыткі не будуць, але і штучна “накачваць” іх таксама не будуць. Затое фінансавы аналітык не верыць, што сярэднегадавая стаўка рэфінансавання сапраўды будзе вытрыманая на ўзроўні 15-16% гадавых. Найперш таму, што зніжэння інфляцыі да 12% не будзе.
 
Вадзім Іосуб: “Каб падтрымліваць эканамічную стабільнасць, не дапускаць валютных панік, раскручвання гіперінфляцыі, гэтая мэта па стаўцы рэфінансавання дасягнутая не будзе. Яна будзе вышэйшая і не надта знізіцца ад цяперашніх значэнняў — рэальна казаць пра лічбы 17-18%”.
 
Такім чынам, чакаць, што кошт крэдытаў моцна знізіцца, не даводзіцца. Праўда, суцяшае Іосуб, і вялікага зніжэння ставак па дэпазітах не будзе. 
 
Атрымліваецца, што хоць гэтыя прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця і грашова-крэдытнай палітыкі не вельмі аптымістычныя і набліжаныя да рэчаіснасці, нават іх выкананне пад пытаннем.
 
Фота: top.rbc.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі