Уладзімір Някляеў выйшаў з "Гавары праўду"
Прычынай ён назваў тое, што за два гады апазіцыя не змагла дамовіцца пра адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары.
Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з апазіцыйных структур. У сваёй заяве кандыдат у прэзідэнты 2010 года патлумачыў прычыну тым, што за два гады беларуская апазіцыя не змагла дамовіцца пра адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбары 2015 года.
"У сувязі з гэтым заяўляю аб сваім выхадзе з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", актывістам якой я назаўжды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найважнейшай каштоўнасцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і далей", — перадае БелаПАН словы палітыка.
Дарэчы, з усіх апазіцыйных палітыкаў Някляеў мае найбольшы рэйтынг паводле апошніх даследаванняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва). Яго электаральны рэйтынг склаў 7,6% у адкрытым апытанні і 9,4% у закрытым.
Апазіцыйным арганізацыям дагэтуль не ўдалося дамовіцца пра вылучэнне адзінага кандыдата. А на пасяджэнні "сямёркі" 8 красавіка не ўдалося дасягнуць пагаднення аб правядзенні кангрэса дэмсілаў.
Нагадаем, што ад "Гавары праўду" кандыдатам у прэзідэнты вылучаюць актывістку кампаніі Таццяну Караткевіч. Яе кандыдатуру падтрымала і Партыя БНФ.
Фота — svaboda.org