Урач “хуткай”: Калі мы прыехалі па Кубараву, яна ўжо была ў коме
На працэсе “Экамедсэрвіса” высвятляюць, што і калі зламалася ў апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Рамантавалі яго праз тры дні пасля аперацыі.
Адзін са сведкаў, якога дапытваюць 21 студзеня, — былы галоўны інжынер медцэнтра Аляксей Баражэўскі. Ён працаваў у “Экамедсэрвісе” да 2011 года і ў размове з суддзёй гаворыць, што куплены яшчэ ў 2007 годзе апарат пачалі выкарыстоўваць толькі ў 2010-м. Прамаўляе вельмі няўпэўнена.
— Мы падрыхтавалі дакументы і правялі пазачарговую праверку абсталявання ў жніўні 2010 года. Гэта была падрыхтоўка да адкрыцця аперацыйнага блоку.
— А нейкая адзнака ў дакументах была зробленая аб гэтай праверцы?
— Ну… Павінна была быць зробленая недзе…
Расказвае Баражэўскі і пра тое, што сам асабіста правяраў усё абсталяванне, у тым ліку і кіслароднае. Гаворыць, што пра адсутнасць кантролю спецыялістаў з фірмы-вытворцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх ведаў. І нават “уздымаў гэтае пытанне на планёрках”. Але, нягледзячы на інструкцыю па карыстанні, эксперты пабачылі апарат толькі 1 красавіка 2013 года — праз шэсць гадоў пасля пастаўкі ў “Экамедсэрвіс”. І амаль праз тыдзень пасля аперацыі Юліі Кубаравай.
Начальнік сэрвіснага цэнтра кампаніі-вытворцы апарата “Рэспект +” Аляксандр Косцікаў таксама праходзіць па справе ў якасці сведкі. Гаворыць, што пасля продажу ў 2007 годзе апарата штучнага дыхання ў “Экамедсэрвіс” адтуль не звярталіся па кансультацыі наконт абслугоўвання альбо з просьбай правесці агляд апарата. Факс з просьбай прыслаць спецыяліста ў медцэнтр прыйшоў толькі 29 сакавіка 2013 года, праз тры дні пасля аперацыі Кубаравай.
Косцікаў расказвае, што калі пабачыў свой апарат у “Экамедсэрвісе”, той быў у няспраўным стане. Прычым паломак было адразу некалькі.
“Падчас агляду 1 красавіка 2013 года я высветліў, што апарат штучнага дыхання не меў неабходнай герметычнасці, газавы аналіз не працуе, а падчас пазнейшага агляду высветлілася таксама, што колба абсорбера трэснула, а адборнік газааналізатара быў забіты”.
Рамонт заняў некалькі гадзін — прыйшлося ездзіць на склад па новыя дэталі. Паводле слоў супрацоўніка фірмы “Рэспект +”, адразу пасля заканчэння рамонту апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх генеральны дырэктар “Экамедсэрвіса” Галіна Валжанкіна прапанавала яму заключыць дамову на абслугоўванне апаратуры “ў тэрміновым парадку”.
Акрамя інжынера і тэхнічнага спецыяліста, 21 студзеня ў судзе дапыталі і ўрача “хуткай”, які адвозіў Юлію Кубараву з “Экамедсэрвіса” у 4-ы шпіталь. Ён гаворыць, што дзяўчына была ў коме ўжо тады, калі ён забіраў яе з прыватнага медцэнтра.