Урад Ізраіля зацвердзіў адмену візавага рэжыму з Беларуссю
Адмена віз набудзе моц праз 90 дзён пасля абмену дыпламатычнымі граматамі аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі пагаднення ў абедзвюх краінах.
У нядзелю, 16 жніўня, кабінет міністраў Ізраіля зацвердзіў адмену візавага рэжыму з Беларуссю, паведамляе newsru.co.il. Цяпер грамадзянін адной краіны зможа ўехаць на тэрыторыю другой краіны без візы. Знаходжанне на тэрыторыі іншай дзяржавы без візы не павінна перавышаць 90 дзён на працягу паўгода з даты ўезду.
Пагадненне падпісанае на адзін год. Яно будзе працягвацца аўтаматычна, пакуль адзін з бакоў не паведамiць другому аб жаданні выйсці з пагаднення.
Адмена віз набудзе моц праз 90 дзён пасля абмену дыпламатычнымі граматамі аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі пагаднення ў абедзвюх краінах.
Нагадаем, што Беларусь завяршыла ратыфікацыю пагаднення яшчэ на пачатку 2015 года. У Ізраілі ж галасаванне па гэтым пытанні было адкладзенае з-за перадвыбарнай кампаніі ў Кнэсет 20-га склікання.
Дарэчы, у 2008-2014 гадах Ізраіль увёў бязвізавы рэжым з Расіяй, Украінай і Грузіяй, а таксама для грамадзян Малдовы з біяметрычнымі пашпартамі.
Фота: МЗС Беларусі