Вольга Карач: Наступны раз начаплю на шыю шыльду з надпісам “Я цяжарная!”

Еўрарадыё: Днямі вам споўнілася 35 гадоў — маеце поўнае права на будучых выбарах вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Але ці можаце ўжо сёння на 100% сказаць, што будзеце вылучацца на прэзідэнта?

Вольга Карач: Сапраўды, 35 гадоў мне споўнілася 5 студзеня, але сказаць сёння на 100%, што буду ўдзельнікам прэзідэнцкай кампаніі, не магу. Бо шмат ёсць пытанняў, якія неабходна вырашыць. Прэзідэнцкая кампанія — гэта вялізная адказнасць. Найперш таму, што хто б ні прыйшоў да ўлады пасля Аляксандра Лукашэнкі, ён павінен вельмі хутка рабіць рэформы ў краіне. Нам вельмі неабходныя будуць першыя 100 дзён, якія закладуць нармальную базу для таго, каб краіна рухалася ў бок дэмакратыі, павагі да правоў чалавека, свабоды слова і СМІ, у бок эканамічных рэформ. Усе гэтыя рэчы неабходна загадзя падрыхтаваць і, на жаль, у палітычнай і эканамічнай сферы ў мяне няма тых рашэнняў, пра якія можна з упэўненасцю сказаць, што яны на 100% будуць правільныя. А я, калі буду ісці на выбары, павінна быць упэўненая не толькі ў тым, што праграмы эканамічных, дэмаграфічных, экалагічных рэформ, рэгіянальнага развіцця ў мяне ёсць, але і ў тым, што яны сапраўды будуць працаваць на карысць Беларусі. Другое: мне неабходна ведаць, што беларускі народ верыць нашым ідэям і надзяляе менавіта нашу каманду вырашаць. Калі я вырашу два гэтыя пытанні, я адразу скажу — іду на выбары ці не.

Еўрарадыё: Праграмы — гэта добра. Але ці ёсць людзі, з якімі вы гэтыя праграмы будзеце ажыццяўляць — хто будзе кіраўніком ураду, старшынёй Нацбанка, міністрам эканомікі, фінансаў, культуры?..

Вольга Карач: Гэта таксама той блок, які павінен вырашацца і сёння вырашаецца. Зразумела, калі я дакладна скажу, што іду на прэзідэнцкую кампанію, то мушу паказаць  такі спіс прозвішчаў. На сёння, скажу шчыра, усе пазіцыі не занятыя. А тут неабходны прафесіяналізм, каб не было нейкіх эксперыментаў, які ў выніку адаб’ецца на людзях.

Еўрарадыё: Цікава, што не гучыць такі аргумент на карысць нявызначанасці: “У мяне ж толькі сын нарадзіўся — трэба паглядзець, як ён будзе пачувацца, ці змагу я сумясціць удзел у выбарах і выхаванне сына”…

Вольга Карач: У мяне вельмі добрая сям’я: ва ўсіх маіх ідэях мяне падтрымліваюць і муж, і бацькі. І сын, калі падрасце, мяне будзе падтрымліваць. Бо ўсё, што робіцца, робіцца дзеля будучыні нашых дзяцей. Бо сітуацыя апошніх дзён паказвае, што нават малыя дзеці не могуць пачуваць сябе ў гэтай краіне бяспечна — ёсць нейкія вельмі дзіўныя органы, якія пачынаюць хадзіць і могуць у бацькоў без суду адабраць дзіця па рашэнні нейкіх чыноўнікаў. Нашы дзеці павінны быць абароненыя. Мае бацькі ўжо прызвычаіліся: калі міліцыянт на парозе — ізноў шукаюць Вольгу. А тут немаўля не паспела з’явіцца ў Віцебску, як ужо шукаюць яго! Ведаеце, у нас была вельмі цяжкая дарога з Украіны на радзіму пасля родаў. І калі мы дабраліся да Віцебска, было адчуванне палёгкі — нарэшце дома! А праз некалькі дзён бац — міліцыянты на парозе. Такое ўражанне, што ты тут госць і не маеш права знаходзіцца ў гэтай кватэры. Ад нашай дзяржавы я прывыкла чакаць якіх заўгодна сюрпрызаў, але была ўпэўненая, што немаўля — гэта святое. Але высветлілася, што ў нашых чыноўнікаў няма нічога святога.

Еўрарадыё: Тым не менш вы не выключаеце таго, што дзіцё давядзецца пакінуць на тату ды бабулю з дзедам, каб мець магчымасць задавольваць свае палітычныя амбіцыі?

Вольга Карач: Менавіта таму, што ў мяне нарадзілася дзіцё, я сёлета ў мясцовых выбарах не бяру ўдзел. Выбарчая кампанія — гэта праца 24 гадзіны ў суткі. І калі дзіцяці два гады — гэта адно, а калі яму некалькі тыдняў, то яго не пакінеш і не пойдзеш па кватэрах выбаршчыкаў. Таму сёлета выбаршчыкі не пабачаць майго прозвішча ў спісе кандыдатаў. А што будзе далей — паглядзім…

Еўрарадыё: Сацсеткі поўныя скепсісу: “Я бачыў Карач за два тыдні да родаў — не відаць, што яна цяжарная, вось здымак, паглядзіце! Нешта тут не тое”…

Вольга Карач: Гэта ўсё гендарныя стэрэатыпы. Я з гэтым сутыкаюся пастаянна. Мне нават казалі пасля нараджэння сына: “Усё, Вольга, на тры гады ты павінна забыць пра нейкую грамадскую актыўнасць, бо ёсць дзіцё”. Але і ў мужчын-палітыкаў нарадзіліся дзеці і, да прыкладу, Андрэю Дзмітрыеву ніхто не сказаў, што ён мусіць на тры гады пакінуць палітыку і займацца дзіцём! Што да скепсісу… Я наступным разам, каб ніхто не сумняваўся, зраблю шыльдачку на шыю, дзе будзе напісана: “Я цяжарная ўжо столькі дзён, столькі месяцаў” — і буду з ёй хадзіць. І яшчэ патрабаваць у кожнага, каб яны распісаліся, што допіс прачыталі.

Еўрарадыё: Але скептыкі апелююць да здымкаў, дзе па вас не бачная цяжарнасць.

Вольга Карач: Не ведаю, мне не падаваўся ў той час мой жывот такім ужо плоскім.

Еўрарадыё: Я нават прачытаў: “Ну, узяла дзіцё з дзіцячага дома — рэспект ёй, навошта ж падманваць?”.

Вольга Карач: Магу паказаць пасведчанне аб нараджэнні — там напісана, хто бацькі! Тут больш цікава разабрацца, што за гэтым пошукам падману стаіць. Ведаеце, я неяк прачытала камент аднаго ананіма, які сцвярджаў, што жанчыне не месца ў палітыцы, бо некалькі дзён на месяц яна не лагічная з-за сваёй… своеасаблівасці. У нашай краіне вельмі мала жанчын-лідараў і з-за гэтага ўзнікае такое стаўленне, неразуменне. Мне часам кажуць: “Маладая, разумная, адукаваная — навошта табе быць у апазіцыі?” Людзі гэтага проста не разумеюць. Карацей: можна верыць, можна не — гэта мой сын!

Еўрарадыё: Калі ўжо закранулі гэтую тэму: некаторыя людзі кажуць, што на вашы рашэнні і вашу лагічнасць могуць паўплываць крытычныя дні...

Вольга Карач: Я лічу, што мужчыны і жанчыны аднолькава лагічныя ці нелагічныя незалежна ад нейкіх дзён. Гэта залежыць ад чалавека. У іншым каментары я прачытала: “Лепш мець чалавека, які нелагічны некалькі дзён на месяц, чым прэзідэнта, які нелагічны апошнія 18 гадоў”.

Еўрарадыё: Амаль адначасова з недаверам наконт вашай цяжарнасці і мацярынства з’явіліся і нараканні наконт асобных вашых паплечнікаў. Да прыкладу, выказваецца здзіўленне, як побач з вамі можа знаходзіцца “энкавэдыст і сталініст” Мікалай Пятрушэнка…

Вольга Карач: У нас нават хрысціянскія дэмакраты ёсць, што, на мой погляд, яшчэ жахлівей! Жахлівей з пункту погляду развіцця іх ідэяў адносна ўдзелу жанчыны ў публічнай прасторы. Насамрэч, у нас каманда складаецца з вельмі розных людзей. Ёсць і камуністы, і лібералы, і сацыял-дэмакраты, і людзі, якія ненавідзяць палітычныя партыі, — пэўнага анархічнага накірунку. Але ва ўсіх нас ёсць агульныя каштоўнасці. Часам у нас з тым жа Мікалаем Пятрушэнкам здараюцца такія гарачыя дыскусіі, што мне пасля тыдзень галава баліць ад эмоцый — розныя погляды на ўсё! Нават на тое, ці патрэбная ў Беларусі атамная станцыя. Але мне важна, што ўсе людзі ў нас — ідэйныя, людзі, пра якіх нельга сказаць, што яны —  прадажныя. Важнае і тое, што гэтым людзям баліць за Беларусь і яны хочуць змяніць сітуацыю да лепшага. Іншая справа, што ў нас рознае бачанне гэтага лепшага. Але таму нам і патрэбныя праграмы, якія б улічвалі розныя погляды.

Еўрарадыё: На чыю падтрымку падчас выбараў вы найперш разлічваеце, якой сацыяльнай групы?

Вольга Карач: Я разлічваю на жаночы электарат і на жаночую салідарнасць. Я хацела б спытацца ў кожнай жанчыны Беларусі: “Сяброўкі дарагія, вы абіралі Лукашэнку, ён быў ваш галоўны фаварыт цягам апошніх 18 гадоў — але што гэты мужчына вам змог даць, ці зразумеў ён вас? Паглядзіце на сябе ў люстэрка — вы задаволеныя тым, што там бачыце? А ўсё ж магло быць інакш!” Мне важна, каб кожная жанчына пра гэта падумала. Не пра тое, дзе яна працуе і колькі зарабляе, а пра тое, у што ператварылася яе жыццё за апошнія 18 гадоў.

Еўрарадыё: Калі справа да ўдзелу ў выбарах дойдзе — будзеце сына выкарыстоўваць у сваёй піяр-кампаніі?

Вольга Карач: Не, ён жа маленькі! У нас у дзяржаве ёсць прыклад хлопчыка, у якога няма дзяцінства. Я хачу, каб у майго сына было нармальнае дзяцінства, якое і павінна быць у дзіцяці.

Еўрарадыё: Але некаторыя лічаць, што для гэтага маці трэба сысці з палітыкі і заняцца дзіцём!

Вольга Карач: Не, для гэтага маці трэба ісці ў палітыку, каб такое дзяцінства забяспечыць.

Фота з архіву Вольгі Карач

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі