Вольскі: Прынцыпаў не выступаць у Мінску няма, галоўнае не ў КЗ і ДК

Нягледзячы на дарагія квіткі і колькасць канцэртаў у гэты ж дзень, клуб Loft запоўнены. Каля трохсот чалавек спяваюць разам з Лявонам Вольскім і Паўлам Аракелянам хіты гуртоў N.R.M., “Крамбамбуля”, праектаў “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”, “Белая яблыня грому”... Гэта першы публічны выступ Лявона Артуравіча ў Мінску за прыкладна тры гады.

“Прынцыповай пазіцыі не выступаць у Мінску няма, — кажа Вольскі падчас невялічкага антракта. — Але мы не будзем граць у дзяржаўных установах! Шчыра кажучы, ёсць такая лёгкая дастача ад назваў “КЗ” ці там “ДК” якое. Савецкі саюз неяк пастаянна пераследуе. Будзем граць збольшага на незалежных тэрыторыях, як клубы (нармальныя, дзе добрая атмасфера), летам у Шаблінскага, нейкія яшчэ будзем прыдумляць хады, як было някепска прыдумана з Вільняй”.

Праўда, з “Крамбамбуляй” выступаў у бліжэйшы час не плануецца. Цяпер у музыкаў рэпетыцыйны перыяд. Да запісу рыхтуецца новы альбом, які мяркуецца выдаць увесну.

Дуэт Аракелян-Вольскі — душэўны, жывы, сяброўскі і настальгічны праект. Святочнасці падзеі надае латок мандарынаў на ўваходзе, з якога частуюць кожнага наведвальніка. Часам падаецца, што канцэрт адбываецца без папярэдніх рэпетыцый, музыкі проста імправізуюць на добра вядомыя тэмы, спяваючы то разам, то па чарзе, мяняючы саксафон на флейту ці клавішы. Цікава, што ролю завадатара на сябе бярэ Павел Аракелян: ён увесь час рухаецца, рэагуе на выкрыкі з залы, крыўляецца, жартуе не толькі паміж песнямі, але і падчас выканання.

“Безумоўна, нейкае выданне будзе, але гэтыя трэкі мы перазапісваць не будзем, — распавядае пра студыйную будучыню дуэту Лявон Вольскі. — Мы цяпер запісваем канцэрт патрэкава, і там, дзе я налажаў на гітары, я, напэўна, перазапішу і ўсё. Вакальна быццам усё пакуль што і так нармальна! Але неяк будзем выдаваць, бо мы ўжо год граем. Так, год... Між іншым, гэта ж мала яшчэ, для беларускага гурта гэта ўвогуле памперсы нейкія”.

Выступ здымаецца на відэа з некалькіх ракурсаў і транслюецца на экраны клуба. Хутчэй за ўсё, канцэрт будзе выдадзены менавіта ў якасці DVD. Лявон Артуравіч не абвяргае такой магчымасці, але і не пацвярджае яе.

Апошнім часам з’явіліся чуткі, што Вольскі займаецца нейкім зусім новым выбухным праектам, які хутка будзе прэзентаваны.

“Вы проста сачыце за інтэрнэтам і ўсё ўбачыце самі, — сыходзіць ад адказу выканаўца. — Што мне анансаваць тое, чаго вы нават не можаце зараз памацаць? На гэты конт я нічога не каментую. У музыкі ж заўсёды нешта рыхтуецца. Нават калі ён не піша новыя песні, ён рыхтуе гастрольны тур, да халтуры рыхтуецца... Ну, рыхтуецца нешта”.

Даволі супярэчлівыя ўражанні складаюцца ад канцэрта. З аднаго боку, сапраўды вельмі класна пачуць старыя песні праектаў, якія наўрад ці збяруцца яшчэ раз і прагучаць калі-небудзь у арыгінальных складах. Вельмі прыемна панастальгіраваць і паспяваць песні разам з іх аўтарам проста пад гітару і саксафон. Але, з іншага боку, адным такім канцэртам насычаешся і другі раз ісці на яго... хіба праз працяглы час. Пакуль жа ўсе задаволеныя і з натхнёнымі тварамі, пакрычаўшы на развітанне ўжо падзабытыя лозунгі, разыходзяцца па хатах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі