Ворсін: Хэнлана не абмяркоўвалі, у чацвер пасяджэнне трэнерскай рады

Канадскія СМІ перадалі інфармацыю пра тое, што Глен Хэнлан сышоў з пасады трэнера юніёрскай каманды “Ванкувер Джайнц”. Газета выказала здагадку, што спецыяліст выправіўся ў Беларусь, каб узначаліць нашу нацыянальную хакейную зборную.

Распавядаем пра гэта старшыні Беларускай федэрацыі хакея Яўгену Ворсіну.

“Давайце мы пакуль пакінем без каментарыяў тое, што кажуць у Амерыцы. Калі мы будзем ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, тады будзем пра гэта казаць”.

Еўрарадыё: То бок у Беларусі пытанні па галоўным трэнеры зборнай не абмяркоўваліся?

Яўген Ворсін: Так, не абмяркоўваліся. Вось заўтра пасяджэнне трэнерскай рады. Прыходзьце, паслухайце, што там будуць казаць.

Пакуль Ворсін запэўнівае Еўрарадыё, што магчымае прызначэнне Хэнлана трэнерам - толькі чуткі, сам канадскі спецыяліст  ужо шпацыруе па мінскім аэрапорце. Фота: "Прэсбол"

Сам Глен Хэнлан таксама не дае каментарыяў наконт магчымага прызначэння ў Беларусі. Сённяшні трэнер нашай нацыянальнай хакейнай зборнай Андрэй Скабелка пакуль не адпрацаваў на гэтай пасадзе і года, не меў магчымасці сябе праявіць. Спецыяліст лічыць, што зборная сёння знаходзіцца ў пачатку свайго станаўлення і неабходнасці зноўку ператрушваць трэнерскі склад няма.

Трэба працаваць і быць упэўненымі ў тым, што робіцца. Я веру ў тое, што раблю”, ― выказаўся Андрэй Скабелка ў нядаўнім інтэрв'ю Еўрарадыё. А на пытанне, ці размаўлялі з ім наконт магчымага вяртання Хэнлана, адзначыў:

“Са мной, наконт Глена Хэнлана? Я ж не працую ў органе, які прызначае галоўнага трэнера зборнай. Я ўжо казаў, калі ўзначальваў каманду, што вынік можа з’явіцца пры доўгатэрміновым праекце. Але ў кожным выпадку, прызначэнне галоўнага трэнера ад мяне не залежыць”.

Пазіцыя Яўгена Ворсіна наконт кандыдатуры галоўнага трэнера такая ж: штогадовая ракіроўка галоўных трэнераў не ідзе на карысць камандзе. 

Фота — isport.blesk.cz
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі